Суперцар Лукашэнка: «І хочацца, і колецца»


Калі б сёння Аляксандр Лукашэнка загадаў змяніць Канстытуцыю шляхам рэферэндуму, грамадзяне галасавалі б ужо ў ліпені. Як заявіла Лідзія Ярмошына, усё можна падрыхтаваць хутка і танна – за 70 дзён і за добраахвотныя ахвяраванні грамадзянаў і прадпрыемстваў.

А што будзе ў бюлетэнях, гэта не ў яе кампетэнцыі, а калегаў з Канстытуцыйнага суда. Менавіта гэтых суддзяў Аляксандр Лукашэнка папрасіў 15-га сакавіка падрыхтаваць напрацоўкі аб зменах галоўнага закону краіны. А то раптам жыццё прымусіць за год выдаць новую Канстытуцыю.

«Калі мы, па-народнаму кажучы, не ўпёрліся лбом у асноўны закон, то хутка гэтая праблема паўстане. Бо і грамадства мяняецца, і мы мяняемся, і Кастытуцыя мусіць быць на крок-два наперад грамадства», – зазначыў кіраўнік Беларусі.

У ролі грамадства – Ліберал-дэмакратычная партыя Сяргея Гайдукевіча

2 гады таму ў ЛДПБ прапанавалі павялічыць тэрмін паўнамоцтваў кіраўніка краіны з 5 да 7 гадоў, а дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з 4 да 5. Каб выбары былі не так часта і палітычная сістэма Беларусі была яшчэ мацней.

«ЛДП спрабуе разгадаць сон Аляксандра Рыгорыча, і бегчы наперадзе паравоза, наперадзе бацькі. Гэтае пытанне абмяркоўваецца, Лукашэнка пра змены ў Канстытуцыі казаў яшчэ ў 2016 годзе. Але пакуль пытанне не вырашанае, бо ёсць за і супраць», – тлумачыць палітолаг Валер Карбалевіч.

Лукашэнка ўжо карыстаўся рэферэндумам для ўмацавання паўнамоцтваў

У 1995 годзе зрабіў расейскую мову дзяржаўнай і паставіў пытанне пра інтэграцыю з Расеяй. Беларусь пазбавілася бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня». У 1996-м – перапісаў Канстытуцыю, практычна ліквідаваў падзел улады, даў сабе неабмежаваныя паўнамоцтвы ды разагнаў Вярхоўны Савет. А ў 2004-ым зняў абмежаванне на колькасць прэзідэнцкіх кадэнцыяў, і цяпер можа кіраваць пажыццёва.

«Яму і хочацца, і колецца. Ён глядзіць, што іншыя аўтарытарныя пост-савецкія кіраўнікі ўжо перарабілі канстытуцыі так, як ім зручней, каб кіраваць да сканчэння веку. І ў Пуціна 6 гадоў тэрмін, і ў Аліева 7 гадоў тэрмін. Я ўжо не кажу пра сярэднеазіяцкіх кіраўнікоў, якія царскія і суперцарскія паўнамоцтвы сабе далі», – даводзіць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

А ён чым горшы?

«Ён разумее, што гэта непапулярны будзе рэферэндум. Гэтае пытанне можа выклікаць у насельніцтва незадавальненне, бо эканамічная сітуацыя зусім не бліскучая. І невыпадкова ў Лукашэнкі гучыць гэты рэфрэн, ён кажа вертыкальшчыкам: давайце хаця б тысячу рублёў», – упэўнены Класкоўскі.

Паводле экспертаў, заявы Ярмошынай і Лукашэнкі – гэта спроба прамацаць грамадскую думку, паглядзець, як адрэагуюць грамадзяне. А тэхнічна і юрыдычна ўсё даўно падрыхтавана.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum