Супернікаў Лукашэнкі на выбарах – ужо шэсць


Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім стала сёмай асобай, якая заявіла пра намер вылучацца на кандыдата ў прэзідэнты. Каго хочуць бачыць беларусы на чале краіны, і ці ёсць шанцы на саступленне Лукашэнкам наседжанага фатэля?

У 2015-м віцэ-старшыня ТБМ Алена Анісім каардынавала працу рады Усебеларускага кангрэсу за Незалежнасць. Цягам апошніх гадоў яна актыўна прасоўвала ідэю беларускамоўнага ўніверсітэту і стала чальцом арганізацыйнага камітэту Універсітэту імя Ніла Гілевіча.

Алена Анісім. Фота – ТБМ

У вялікую палітыку яна ідзе, бо хоча ўратаваць Беларусь ад страты незалежнасці і папулярызаваць беларускую мову.

«Мы за тое, каб улада ў Беларусі зрабілася пра беларускаю, турбавалася пра сваіх грамадзянаў», – заяўляла Анісім.

Скалаціць моцную каманду і перанесці план пераменаў у прэзідэнцкую праграму не ўдалося, затое атрымалася прайсці ў Палату Прадстаўнікоў, дзе галасуе супраць ініцыятываў тыпу «дэкрэту аб дармаедах».

«Мая выбарчая кампанія будзе грунтавацца перадусім на ўсіх агульнаеўрапейскіх каштоўнасцях, на нашых нацыянальных традыцыях і безумоўна на агульна хрысціянскіх», – дадае Анісім.

Узяць адказнасць за лёс краіны гатовыя агулам сямёра вылучэнцаў.

Пра намер балатавацца заяўляў палітык Сяргей Скрабец.

«Улады не жывуць на заробак. Гэта бачна па іх катэджах, па іх машынах і палюбоўніцах, якія ходзяць у футрах і дыяментах», – заяўляў Скрабец у снежні 2018 года.

Беларускі Нацыянальны Кангрэс вылучае Мікалая Статкевіча. Пасля першае спробы змагання за прэзідэнцкі фатэль і паслявыбарчага мітынгу Мікалай Статкевіч правёў за кратамі 1500 дзён.

«Людзі мяне ведаюць. Ведаюць які я, на што я здольны, на што ішоў і на што магу пайсці», – казаў Статкевіч у сярэдзіне студзеня.

Да выбарчай кампаніі далучыліся таксама старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў і Алег Гайдукевіч, які прадстаўляе ліберальна-дэмакратычную партыю Беларусі. Удзел у палітычнай падзеі возьме і хрысціянскі дэмакрат, былы палітвязень Павал Севярынец.

А перамагаць у выбарах збіраецца кандыдат сёмы – дзейны кіраўнік Беларусі.

Філосаф-метадолаг Уладзімір Мацкевіч, які на працягу шматлікіх гадоў аналізуе выбарчыя працэсы ў Беларусі, заклікаў беларусаў не ўдзельнічаць у выбарчым фарсе:

«Усялякі кандыдат і ўдзельнік перадвыбарчай кампаніі кандыдата, і выбарцы, якія ходзяць на гэтыя ганебныя выбары, на ўчасткі, дзе пакідаюць свае бюлетэні, якія не ўлічваюцца – гэта ўсё ўдзельнікі махлярства».

Заява можа і гучная, але жыццёвым досведам беларусаў падмацаваная. Абяцанняў сваіх нязменны пераможца выбараў не выконвае.

Жыхары Менску ў размове з «Белсатам» казалі:

«Мне ўжо паабяцалі. Заробак. А заробак затрымліваюць».

«Ён не павінен абяцаць а павінен рабіць».

«Хацелася б канешне каб абяцаў нам той чалавек, які прынамсі ўсведамляе, што ён кажа. Каб гэта быў прафесіянал у сваёй справе. Няма такой прафесіі «прэзідэнт»».

Такой прафесіі «прэзідэнт» – не існуе, але ў постсавецкай Беларусі выкананне абавязкаў кіраўніка эксклюзіўна належыць адной асобе. Спіс тых, хто можа побач у выбарчым бюлетэні – усцяж адкрыты.

Юлія Цяльпук/«Белсат», фота анонсу – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum