Аб'ектыў 07.11.2019 Сукенкі за 800 рублёў. «Белсат» прабіўся на эксклюзіўны распродаж


Нечуваная рэч у цяперашні час – чэргі па адзенне. І гэта пры тым, што кошт сукенак – 200-400 долараў. Як беларускія модніцы і моднікі трапілі на кручок заходніх маркетолагаў распавядзе Ксенія Тарасевіч, якой ахоўнікі і адміністрацыя гандлёвага цэнтру перашкаджалі рабіць здымкі.

Сукенка ў новай люксавай калекцыі шведскага брэнду «H&M» каштуе каля 800 рублёў. Але ўжо за 15 хвілінаў да адкрыцця крамы перад уваходам сабралася каля 30 чалавек. Давайце даведаемся, чым іх так прывабіла гэтая калекцыя:

«Джанбатыста Валлі – вельмі цікавы дызайнер, і гэта адчуваецца. Бачны і крой, і стыль, шмат рэчаў з калекцыі мы памерылі».

«Калабарацыя з Джанбатыста Валлі, такія рэчы не варта прапускаць, калі ты цікавішся модай».

«Мы не планавалі сюды ісці, прыйшлі раніцай проста пагуляць і пабачылі, што вось такое адбываецца».

«Нам кансультанты падказалі, зацікавіла сама ідэя, і вырашылі адстаяць чаргу. Мне асабіста не падышоў памер, таму я вырашыла ў чарзе не стаяць», – кажуць наведніцы крамы.

Паспець набыць эксклюзіўную адзежу не так і проста. Калекцыя размяшчаецца ў зале, куды можна трапіць выключна праз асобны ўваход. Правілы строгія: часу прымераць амаль няма – у кожнага кліента толькі 10 хвілінаў на выбар набыць не больш за 14 рэчаў у адныя рукі.

У калекцыю ўвайшлі як жаночыя, так і мужчынскія рэчы. Ёсць швэдры, пінжакі з тканіны, анімалістычныя прынты, штучнае футра, распісаныя залатымі ніткамі паліто. Для якіх выпадкаў менчукі набываюць такія раскошныя рэчы?

Святлана Кашыцкая, дыетолаг, тэлевядоўца:

«Самае галоўнае – я закрыла пытанне з выпускным для сваёй дачкі! Я купіла ёй 2 сукенкі на выпускны вечар. Вось гэта для мяне поўнае шчасце! Для нашай краіны – гэта падзея, я лічу, што такі дызайнер зрабіў такую калекцыю. І яна вельмі насібельная».

Як выглядае новая калекцыя шырокай публіцы паказалі яшчэ ў траўні. А сёння – афіцыйны пачатак продажу ва ўсім свеце. Калекцыя лімітаваная, але арганізатары запэўніваюць, што рэчаў хопіць для ўсіх ахвотных.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары