Суды за бліскучасць і справядлівасць

Марш справядлівасці – прыгожы, мірны і масавы – прайшоў вуліцамі сталіцы ды іншых гарадоў Беларусі. Аднак уладам па-ранейшаму недаспадобы шэсце патрыятычных і свабодных духам людзей. За два апошнія дні затрымалі амаль 900 чалавек, большасць вызвалілі, 375 асобаў пакінулі пад вартаю да суда.

Штрафы і арышты ад трох да 15 содняў – такія пастоновы выносілі сёння суддзі. Паўмесяца за кратамі мае правесці і гомельскі актывіст Васіль Палякоў:

«Рэпрэсіўная сістэма і рэпрэсіўная машына працуе, таму нічога нечаканага. Той стары дзед, які чорнымі пальцамі трымаецца за ўладу, спрабуе трымацца, але ў яго нічога не атрымаецца. Перамога будзе за дэмакратыяй і народам».

Нельга хадзіць, нельга крычаць. Спяваць – таксама нельга. Аляксандра Памідорава затрымалі ў суботу падчас імправізаванага дваровага канцэрту. Сёння сталічны суд прызнаў яго вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў і асудзіў на 8 дзён арышту. Штрафавалі ды каралі соднямі і ўдзельнікаў акцыяў у рэгіёнах.

Што такое патрыятызм і як за яго судзяць, Алена Каваленка ведала яшчэ 10 гадоў таму, калі ейнага мужа Сяргея за вывешванне нацыянальных сцягоў асудзілі на турэмнае зняволенне. Сёння на лаве падсудных – Алена. Яе распазналі на відэа, знятым на мірным шэсці 13 верасня. Суддзя палічыў яе вінаватай у тым, што яна ішла па вуліцы свайго гораду з бел-чырона-белым шалікам на шыі, і пакараў маці дваіх дзетак штрафам – 270 рублёў.

«Здзівілі, канечне, пытанні суддзі. Ці ўдзельнічала я да гэтага? Суддзя пацікавіўся маёй пазіцыяй, як я стаўлюся да таго, што адбылося, як я стаўлюся да вынікаў выбараў. Натуральна, я сказала, што не згодная», – кажа Алена Каваленка.

Да іншай віцяблянкі, Ірыны Яскевіч, суд быў літасцівы – яна атрымала толькі папярэджанне. Імаверна, правільнаю была выбраная Ірынаю лінія абароны:

«Бачна з запісу, што жанчына, падобная да мяне, не крычыць, не кажа ніякіх лозунгаў, нічога ў руках не нясе, яна абапіраецца ці то на кіёк, ці то на парасон. І калі ўявіць, што гэта я, то ў маім узросце лекар рэкамендуе мне гуляць, і ні адзін лекар не сказаў мне, што па нейкіх канкрэтных вуліцах нельга хадзіць».

Маладзёна ж, які хадзіў па Віцебску і пляскаў у ладкі, аштрафавалі на сем базавых.

«2 аўты ў мяне забралі, цяпер мушу хадзіць пешкі. Баяцца не баюся. Хадзіць гуляць буду працягваць», – кажа Андрэй Кулакоў, кіроўца «жывемабіля».

Наступныя акцыі пратэсту плануюцца ў найбліжэйшыя выходныя. А гісторыі затрыманых даюць людзям падставу, каб натхніцца і зноў выйсці на вуліцы.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Глядзі таксама