Суды ў экспрэс-рэжыме


Амаль 2 сотні працэсаў па ўсёй краіне: сёння айчынная Фэміда судзіла напярэдадні затрыманых, а таксама тых, хто трапіў у рукі сілавікоў у ранейшыя дні. Пераважна суддзі давалі штрафы, аднак былі і арышты, а часам справы адпраўлялі на дапрацоўку. Вось некалькі гісторыяў затрыманых.

Жыхарку Берасця Наталлю Клімовіч затрымалі 11 жніўня проста на працоўным месцы ў ювелірнай майстэрні на вуліцы Савецкай. Туды ўварваліся міліцыянты ў экіпіроўцы, сталі шукаць запасныя выхады. Адзін з іх пабачыў, што Наталля сядзіць за кампутарам у бел-чырвона-белай сукенцы. За колеры і затрымаў.

«Калі ён пабачыў мяне ў гэтай сукенцы, у яго адразу загарэліся вочы, сталі такія вялізныя», – распавядае Наталля пра рэакцыю міліцыянта.

Міліцыянты выклікалі падмогу, затрымалі і Наталлю, і яе мужа Ўладзіслава Абрамовіча, які хацеў высветліць, на якой падставе яны забіраюць чалавека з працы. У аддзеле міліцыі Берасцейскага раёну Наталля чула і бачыла здзекі над затрыманымі.

«Судзячы па гуку, адчыняліся дзверы, укідвалі ў калідор чалавека, яму крычалі «На калені! Паўзці!» І пакуль ён ішоў праз гэты калідор на каленях да дзяжурнага, яго некалькі чалавек збівалі дубінкамі. У асноўным былі маладыя людзі, быў 14-гадовы хлопец», – прыгадвае жанчына.

Наталля адседзела 2 дні, сама не пацярпела, але дагэтуль у шоку ад пабачанага ў міліцыі і Следчым ізалятары – катаванні, гвалт, забітыя камеры. Сёння яе справу суд адправіў на дапрацоўку. У Віцебску на дапрацоўку адправілі справу Ігара Грачанкі, затрыманага 10 жніўня, калі ішоў у кавярню з сябрамі. Не супалі паказанні міліцыянтаў.

«Было напісана як несанкцыянаваны мітынг. Нам трэба было падпісаць або адмову, або згоду. Калі адмова – адпраўляюць на 15 дзён на ІВС. На ІВС мне не хацелася, таму падпісаў згоду», – кажа Ігар Грачанка.

Кірылу Абраменку Першамайскі суд даў штраф у 2 базавыя велічыні. Яго таксама затрымалі 10 жніўня. І таксама ёсць несупадзенні ў пратаколах.

«Каля нас праехаў аўтобус і аўтазак. З аўтобусу пачалі паказваць на нас пальцам і крычаць, што бярэм», – прыгадвае Кірыл Абраменка.

Сяргею Яцкевічу штраф 3 базавыя.

«Па факце доказаў маёй віны не было. Працаўнік міліцыі бачыў толькі маю фрызуру, і ўсё», – прыгадвае Сяргей.

У Пінску і Пінскім раёне сёння судзілі і сябраў ініцыятыўнай групы, створанай для перамоваў з уладамі. Штрафы, арышты – ніхто не прызнаны невінаватым.

«Сёння адбыўся суд над Ваткевічам Анатолем, Хрысцюком, нада мной, Аганесянам і шмат іншых грамадзянаў, якіх я раней не бачыла. Нас судзілі за падзеі 23-га жніўня. Астатніх за 10 і 11 жніўня», – тлумачыць Вераніка Іванова, якая ўваходзіць у Ініцыятыўную групу перамоваў з мясцовымі ўладамі.

Два пінскіх суддзі – Свіцін і Клімовіч – прызначылі пакаранні па дзясятку чалавек, не зважаючы на несупадзенні ў паказаннях міліцыі. А ў судзе Гомельскай вобласці Павел Пагарцаў абскарджваў затрыманне 9 жніўня.

«Калі даведаліся, што тэлефон мой, паклалі мне яго на спіну між рук. Рукі былі звязаныя маім рэмнем. І сталі біць берцамі па галаве… Калі цягнулі за кашулю, я думаў, што задыхнуся. Думаў, што мяне там заб’юць», – распавядаў Павел у судзе 20 жніўня.

Паўла Пагарцава суд прызнаў вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і непадпарадкаванні міліцыі, але зменшыў пакаранне да адбытых дзён арышту.

«Таму што ён адсядзеў тры дні. А каб яго апраўдалі, то ён бы адсудзіў матэрыяльную шкоду», – тлумачыць гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка.

Тое самае і іншым, хто падаваў апеляцыю. Невінаватымі не прызналі, але і даседжваць не адправілі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»