Суды супраць абаронцаў незалежнасці пакуль спынілі


Вялікая група падтрымання, але непадрыхтаваныя суддзі ды ілжэсведчанні міліцыянтаў. У Менску – трэці судны дзень над удзельнікамі пратэстаў за незалежнасць: распачаліся больш за 20 паседжанняў, аднак ніводнага рашэння суддзі не вынеслі.

Трэці дзень судоў над тымі, хто выходзіў на акцыі дзеля падтрымання незалежнасці Беларусі ды супраць паглыблення беларуска-расейскай інтэграцыі. Разгляд адміністратыўных працэсаў распачаўся ў трох судах: Ленінскага, Заводскага і Цэнтральнага раёнаў Менску.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

У судзе Ленінскага раёну сталіцы меліся слухаць адразу 9 адміністратыўных справаў супраць актывістаў. Усе – за ўдзел у жывым ланцугу і мітынгах на Кастрычніцкай плошчы 7 і 8 снежня. Афіцыйная падстава для пратаколаў: пратэсты адбыліся без дазволу Менгарвыканкаму.

Паказанняў аднаго сведкі-міліцыянта было недастаткова, каб вынесці рашэнне Наталлі Ладуцьцы. Суддзя абвесціла перапынак да 9 студзеня. Таксама перанеслі паседжанні Барыса Дуброўскага і Барыса Анікеева.

«Мне не патрэбны дазвол выканкаму, бо Канстытуцыя вышэйшая за рашэнне выканкаму, і нават калі б выканкам забараніў, ён не меў права, бо гэта злачынства. Мы абавязаныя ўсе абараняць наш суверэнітэт», – тлумачыць грамадская актывістка Наталля Ладуцька.

Да таго ж Барысу Анікееву даслалі пратакол і за ўдзел у акцыі 20 снежня, складзены 15 снежня.

«Гэта што, яны ўжо за 5 дзён ведалі, што я буду на гэтай акцыі? Гэта што, нейкія Кашпіроўскія?» – абураецца актывіст руху «За Свабоду» Барыс Анікееў.

Рашэння таксама не пачуў паэт Уладзімір Някляеў. Новую позву яму ўручылі на 9 студзеня. Днём пазней працягнуць слухаць справу гісторыка і пісьменніка Уладзіміра Арлова. Уладзімір Някляеў звязвае пераносы судоў з чаканнямі візіту ў нашую краіну дзяржсакратара ЗША:

«Калі нехта думае, што ён едзе падтрымаць Лукашэнку ў супрацьстаянні з Пуціным, ён памыляецца. Мы дамагліся, я маю на ўвазе беларускую апазіцыю, каб Захад, найперш ЗША, паклаў чырвоную рысу перад рэжымам беларускім, і яна будзе палягаць у недапушчэнні рэпрэсіяў».

Суд Цэнтральнага раёну Менску меўся разгледзець справу Пятра Садоўскага, аднак паседжанне таксама перанеслі. Паводле мужчыны, сведкі апісвалі не яго, а іншага ўдзельніка мітынгу.

«Не можа быць, каб за 2 дні 4 розныя чалавекі слова ў слова запісалі нешта. Ну, гэта неверагодна. Гэта элементарна гаворка пра тое, што нехта ім прадыктаваў або проста на камп’ютары шлёпалі 8 радкоў для ўсіх аднолькавых», – каментуе Пётр Садоўскі, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання.

Сведкі-міліцыянты, якія мала што памятаюць і ведаюць пра асобаў, у дачыненні якіх даюць паказанні, стандартная сітуацыя для такіх працэсаў, адзначае старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі:

«Людзей, якія зрабілі неверагодна шмат для незалежнасці Беларусі, іх судзяць зноў за ўдзел у мітынгу ў абарону незалежнасці, гэта, вядома, парадокс, гэта абуральна, гэта амаральна».

Заўтра мае адбыцца разгляд справаў над актывістамі Максімам Урбановічам і Андрэем Хранковым. Затым судовы канвеер распачне працу наноў 9 і 10 студзеня.

Юлія Лабанава belsat.eu