Суды штрафуюць прыхільнікаў Сяргея Ціханоўскага


Ціск на канкурэнтаў Аляксандра Лукашэнкі ідзе ўжо цяпер. Праз патэнцыйных выбарнікаў. У Віцебску прайшлі чарговыя суды над прыхільнікамі папулярнага блогера Сяргея Ціханоўскага.

Штраф 810 рублёў. Такі вырак у віцебскім судзе Кастрычніцкага раёну пачула Юлія Барсукова – адміністратарка тэлеграм-каналу «Страна для жизни». Суддзя Уладзімір Царыкаў пакараў яе за інтэрнэт-заклікі да несанкцыянаванага мерапрыемства ў Воршы 10 траўня. Доказам стаўся раздрукаваны скрын з тэлеграм-чату. Віны Юлія не прызнала.

«Буду казаць далей, буду рабіць, клікаць людзей, каб людзі аб’ядноўваліся вакол нашай адной вялізнай праблемы, якую мы ўсе ведаем: гэта наша ўлада, якая выкарыстоўвае людзей, здзекуецца з народу, у тым ліку з будучыні дзяцей», – гаворыць адміністратарка каналу «Страна для жизни» Юлія Барсукова.

Паводле таго ж артыкулу – за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах – аштрафавалі на 675 рублёў Аляксандра Ільінца. Падстава – удзел у сустрэчы з блогерам Ціханоўскім 30 красавіка ў Віцебску. Для вынясення выраку суддзі Алене Грабянчук хапіла пяці хвілінаў.

«Яны робяць так. Людзям, хто мала актыўны, даюць папярэджанне. Больш-менш актыўныя – штраф 20 і больш базавых. Хто моцна актыўны – даюць суткі», – кажа сябра партыі БНФ Аляксандр Ільінец.

А суддзя Жанна Пушкіна ў судзе Кастрычніцкага раёну Магілёва адміністратыўную справу ў дачыненні Ігара Шчамялёва спыніла – праз недаказанасць віны. Яго вінавацілі ва ўдзеле ў акцыях Ціханоўскага ў Магілёве 5 траўня. Насамрэч Ігар удзелу ў сходзе не браў, што пацвердзіў білінг мабільных тэлефонаў.

«Я не чакаў, што будзе нейкае іншае рашэнне, таму што ўсе відавочныя факты гаварылі пра тое, што я па дадзенай справе невінаваты», – гаворыць жыхар Магілёва Ігар Шчамялёў.

«Відавочна, што суддзя не хацела выносіць рэабілітацыйнага пастанаўлення, каб потым яму – Шчамялёву – складаней было пісаць скаргі, патрабаваць кампенсацыі за тое, што ён адседзеў трое сутак ні за што», – сцвярджае праваабаронца Барыс Бухель.

У ізалятары Ігар Шчамялёў апынуўся яшчэ да суда. Хапалі ўсіх, падобных да блогераў, кажа праваабаронца. І абяцае дапамагчы Ігару напісаць скаргі, каб дзяржава кампенсавала незаконнае затрыманне.

Анастасія Русецкая, «Белсат»