Суды працягваюць раздаваць затрыманым на акцыях максімальныя тэрміны арышту


Суд Ленінскага раёну сталіцы пакараў 13 соднямі арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве актывістак Задзіночання беларускіх студэнтаў Настассю Сахарчук і Настассю Крывашэеву. Затрымалі іх ужо пасля суботняй акцыі студэнтаў, калі тыя выходзілі з кавярні.

«У абедзвюх гэта першае адміністратыўнае парушэнне, таму гэта вельмі дзіўна, што адразу 13 содняў. І гэта адзін пратакол. Таму вельмі дзіўна, што 13 содняў. Бо вельмі часта даюць 13 содняў, калі два пратаколы, за супраціў, напрыклад», – кажа актывістка Моладзевага блоку і ЗБС Лізавета Пракопчык.

Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», у суботу затрымалі больш за 50 чалавек. У асноўным гэта ўдзельнікі студэнцкага маршу. Сённяшнія выракі ў дачыненні маладзёнаў абурылі іхных сяброў.

«Гэта ўсё ж такі нашае канстытуцыйнае права – выказваць сваё меркаванне, гэта па-першае. Па-другое, ніякіх гвалтоўных дзеянняў студэнты не робяць. Людзі, якія выйшлі проста пахадзіць, пастаяць, не ўяўляюць грамадскай небяспекі. Я не разумею, навошта іх затрымліваць, і ў любой нармальнай краіне іх бы не затрымлівалі», – дзеліцца сяброўка асуджанных студэнтак Ксенія.

Паводле Міністэрства ўнутраных справаў, на нядзельных маршах па ўсёй краіне затрымалі 280 асобаў, 215 з іх – у Менску. У іх ліку аператар тэлеканалу «Белсат» Алесь Любянчук. А 14 гадзіне ён перастаў выходзіць на сувязь з калегамі.

«Пра затрыманне Алеся я даведаўся з тэлеграм-каналаў. І тое, нават не было дакладнай інфармацыі, што яго затрымалі», – каментуе затрыманне брата Віталь Любянчук.

Суд Кастрычніцкага раёну пакараў Алеся 15 соднямі арышту быццам бы за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Максімальныя тэрміны адміністратыўнага арышту, 15 содняў, атрымалі працаўнік газеты «Беларусы і рынак» Арцём Маёраў, фатограф TUT.BY і БелаПАН Вадзім Заміроўскі і журналіст БелаПАН Усевалад Зарубін. Журналістцы «Onliner» Дар’і Спевак прысудзілі 13 содняў зняволення. Іх судзілі адразу паводле двух артыкулаў: удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і непадпарадкаванне.

«Улады робяць усё магчымае, каб нашыя калегі не здымалі акцыі, якія праходзяць у Менску і іншых гарадах, каб калегі не асвятлялі пратэстаў, якія працягваюцца па нядзелях і ў іншыя дні. Спачатку журналістаў затрымлівалі і адпускалі, пасля пачалі затрымліваць, складаць пратаколы і адпускаць. Ну вось апошнія выходныя паказалі, што цяпер ужо не адпускаюць», – мяркуе намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Цяпер за кратамі ўтрымліваюць 9 журналістаў. Беларуская асацыяцыя журналістаў ад дня выбараў зафіксавала 292 выпадкі затрымання працаўнікоў незалежных медыяў. БАЖ заклікае падтрымаць нашых калег падчас масавых акцыяў: пускаць да сябе дадому, каб даць магчымасць бяспечна зрабіць фота і відэа пратэстаў, а таксама дапамагаць зʼязджаць па сканчэнні акцыяў.

Хрысціна Чарняўская belsat.eu