Аб'ектыў 12.12.2019 Суды пасля выбараў. «Душыць усіх, хто носіць жоўтыя кепкі»


Пасля парламенцкіх выбараў па ўсёй Беларусі зноў узнялася хваля судовых працэсаў над актывістамі ды журналістамі незалежных медыяў. Абвінавачанні традыцыйныя – парушэнне заканадаўства аб СМІ і ўдзел у несанкцыянаваных сходах. Пад адміністратыўны пераслед трапілі і белсатаўцы.

У судзе Віцебскага раёну адбыўся разгляд адміністратыўнай справы ў дачыненні журналістаў, якія супрацоўнічаюць з нашым тэлеканалам, Алены Шабуні ды Змітра Лупача. Іх абвінавацілі ў працы без акрэдытацыі. Суддзя Ганна Ігнаценка пастанавіла спагнаць 816 рублёў з Шабуні і 1071 – з Лупача.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Суддзя сама не прымае рашэнне. Яна прысуджае тое, што ёй зверху даюць указ», – кажа Алена Шабуня, журналістка.

Праваабаронца Павел Левінаў падкрэслівае, што суддзя фактычна парушыла нацыянальнае заканадаўства: яна спачатку пачала апытваць сведак і толькі потым патлумачыла журналістам, у чым сутнасць выстаўленых супраць іх абвінавачанняў.

«Калі ўлічваць, што гэты рэпартаж быў звязаны з перадвыбарнай тэматыкай і што журналістаў прыцягнулі за гэты рэпартаж, я лічу, улады зрабілі больш жорсткім прэсінг на свабоду слова ў Беларусі», – мяркуе Павел Левінаў, праваабаронца.

Нагодай для справы стаў сюжэт, які мы паказалі ў лістападзе, напярэдадні парламенцкіх выбараў. У ім распавядалася гісторыя жыхароў вёскі Шэвіна пад Віцебскам. Людзі абвесцілі байкот парламенцкім выбарам з прычыны таго, што мясцовыя чыноўнікі не прыслухоўваліся да іхных патрабаванняў.

«Я не магу галасаваць за ўладу, якая не можа пераканаць чыноўнікаў, каб хоць трошку нас паважалі», – абуралася тады жыхарка Шэвіна.

На іншым канцы Беларусі – у Берасці – у судзе Ленінскага раёну судзілі ўжо палітычнага актывіста. Суддзя Святаслаў Каліна прысудзіў адміністратыўны штраф памерам 1020 рублёў Аляксандру Марачэўскаму за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце кандыдата ў дэпутаты Паліны Шарэнды-Панасюк падчас парламенцкай кампаніі.

«Гэта было прадказальна. Сістэма ў дзеянні. Што я магу сказаць? Усё, больш нічога. Дадзена каманда душыць усіх, хто носіць жоўтыя кепкі, ходзіць пад жоўтымі сцягамі. Сістэма працягвае ціснуць, душыць, прыціскаць, запалохваць», – распавядае праціўнік акумулятарнага заводу Аляксандр Марачэўскі.

Паводле праваабаронцы Рамана Кісляка, рашэнні суда незаконныя, бо парушаюць грамадзянскія правы – перадусім права на свабодны распаўсюд інфармацыі:

«Я думаю, гэта было звязана з тым, што пазіцыя Паліны Шарэнды-Панасюк на выбарах была даволі жорсткая, яна крытыкавала ўладу, патрабавала ад прэзідэнта сысці ў адстаўку, патрабавала правядзення свабодных выбараў, патрабавала прыпыніць будоўлю АЭС і заводу акумулятарных батарэй пад Берасцем».

Амаль адразу пасля парламенцкіх выбараў – з 2 снежня – свае прысуды ў падобных адміністратыўных справах пачулі амаль 2 дзясяткі чалавек. Сярод іх нашыя калегі, палітыкі ды актывісты.

Анастасія Русецкая belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары