Суды па ўсёй Беларусі


Раней атрымлівала медалі ды ўзнагароды, а сёння – 15 содняў арышту. Вядомую баскетбалістку Алену Леўчанку пакаралі паводле пратаколу за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. Працэс адбыўся ў судзе Ленінскага раёну сталіцы праз інтэрнэт, спартоўку трымаюць у ізалятары на Акрэсціна.

«На месцы Алены могуць апынуцца не толькі тыя, хто прыйшоў сёння падтрымаць яе, але і тыя, хто застаўся дома і баіцца штосьці сказаць. Я шчыра веру, што многія ўсвядомяць, што адбываецца, калі гэта закране менавіта іх. Ніхто не мае права адбіраць у чалавека нават хвіліну яго жыцця, не кажучы пра 15 содняў, гэта злачынства, я лічу», – кажа былая прэс-сакратарка ФК «Дынама» (Берасце) Вольга Хіжынкова.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў бронзавая прызёрка чэмпіянату Еўропы Алена Леўчанка актыўна выказвалася супраць гвалту і за правядзенне новых выбараў, а таксама ўваходзіла ў Свабоднае аб’яднанне спартоўцаў Беларусі, падпісала адкрыты ліст да ўладаў і брала ўдзел у нядзельных маршах і акцыях салідарнасці.

«Тое, наколькі мы моцныя, мы адчуваем толькі цяпер. І адчуваем сапраўдную сілу беларускага народу. Мы цяпер па-сапраўднаму раскрываемся», – лічыць Алена Леўчанка.

На знак пратэсту супраць арышту спартоўкі беларускі гандбольны клуб «Віцязь – Леон» адмовіўся праводзіць сённяшні матч чэмпіянату Беларусі. А падтрымаць адну з найлепшых баскетбалістак краіны некалькі дзясяткаў чалавек прыйшлі ў суд і больш за сотню – да Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.

«Спартоўцы – людзі з высокім узроўнем спартовага духу, і гэта толькі іх больш загартуе і раззлуе. І штосьці мне падказвае, што на месца Лены заўтра прыйдуць два іншыя спартоўцы», – кажа сябар Алены Леўчанкі Павел Сыраежкін.

Спартовец-аматар з Віцебску Яўген Гуцалаў летась за 10 дзён прабег усю Беларусь з поўдня на поўнач, падчас выбараў быў назіральнікам. За ўдзел у мірным шэсці 30 жніўня суддзя Кастрычніцкага суда Віцебску Уладзімір Царыкаў аштрафаваў легкаатлета на 432 рублі. Калі міліцыянты затрымоўвалі Яўгена Гуцалава, сканфіскавалі дарагі смарт-гадзіннік.

«Яны лічаць, што я магу ад іх збегчы і не заплаціць гэты штраф, таму яны вырашылі арыштаваць гадзіннік у залік штрафу. Будзем абскарджваць. Я лічу, што трэба абскарджваць і адмяніць, калі атрымаецца, пастанову», – кажа Яўген Гуцалаў.

Не менш вядомых віцяблянаў – Таццяну і Кастуся Севярынцаў – пакаралі штрафам 675 рублёў ды папярэджаннем у Першамайскім судзе Віцебску. Суддзя Міхаіл Юрчанка прызнаў іх вінаватымі ў парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.

«Як заўсёды, ні за што. Як яны пішуць, за тое, што я ўстроіла пікет ва ўласнай кватэры ў грамадскім месцы. На лоджыі падтрымоўвала пратэстоўцаў, якія ішлі паўз мой дом, і махала вялікім сцягам», – тлумачыць Таццяна Севярынец.

Гэта ўжо сёмае пакаранне для Таццяны Севярынец цягам года.

«Пасаду пракурора зараз займае новы чалавек. І прагучала такая фраза, што абсалютна кожны, хто браў удзел нейкім чынам у масавых мерапрыемствах, якія маюць палітычны характар, павінен абавязкова панесці пакаранне», – адзначае віцебская праваабаронца Ірына Траццякова.

810 рублёў штрафу і зламаная пры затрыманні нага – такі вынік нядзельнага маршу для гамяльчанкі Алены Давыдавай. Трое содняў да суда жанчыну з траўмаванаю нагой трымалі ў нялюдскіх умовах:

«Гэта псіхалагічны ціск на мяне і маіх родных. Апроч таго, у мяне пералом нагі, я не магла ў прыбіральню схадзіць, бо там высокая прыступка. Я прасіла, каб далі хаця б вядро, і мне ўвесь час адмаўлялі. У медычнай дапамозе ў ІЧУ мне таксама адмаўлялі, адзінае, што давалі, – абязбольванне».

Паводле праваабаронцаў «Вясны», суды пачалі разглядаць таксама адміністратыўныя справы супраць тых, каго затрымалі з 9 да 11 жніўня, а праз некалькі дзён адпусцілі на волю.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»