Судовыя рэпрэсіі працягваюцца: новыя прысуды па крымінальных справах


Судовы канвеер не перастае працаваць. За апошнія дні працягнулі тэрміны ўтрымання некалькім палітвязням, заводзяцца новыя, несувымерныя дзеянням, крымінальныя справы. Аднак, на рэдкасць, сустракаюцца і апраўдальныя прысуды.

Два гады абмежавання волі атрымала гарадзенка Марына Палікарпава за гвалт у дачыненні дзвюх амапавак Марыі Мазуркевіч і Дар‘і Бандарчук. Яны затрымалі і жорстка збілі Марыну 9-га жніўня. Адну з іх жанчына ўкусіла. Між іншага, суд прызначыў спагнанне 1500 рублёў на карысць кожнай супрацоўніцы АМАПу. А таксама больш за 600 рублёў дзяржаўнага мыта і выдаткаў на судмедэкспертызу.

Адзін год абмежавання волі прысудзілі менчуку Паўлу Янкоўскаму за ўдар па бамперу аўтамабіля ДАІ 27-га верасня на нядзельным маршы.

Чацвер – дзень перадачаў на Акрэсціна. Сёння там сабраліся каля паўсотні чалавек, якія прынеслі перадачы сваім родным і блізкім.

«Сына ў нядзелю затрымалі – 12 содняў. Сёння вось аўтазакі з‘ехалі, 5 штук. Аказалася, што ён там, у Жодзіне», – распавядае Аляксандр, які прынёс перадачу сыну.

«Затрымалі дачку на вуліцы. Падрабязнасцяў не ведаю. Не ведаю падрабязнасцяў, была на працы. Толькі патэлефанавалі і сказалі, што яна на Акрэсціна. Далей праз два дні суд – 20 содняў далі», – узгадвае Таццяна, якая прынесла перадачу дачцэ.

«У пратаколе тое, што аказваў дапамогу мужчыну. Мужчыну не забралі. Жанчын, якія былі побач з ім, таксама не забралі – забралі толькі выключна яго», – кажа Аксана, якая прынесла перадачу сябру.

Але ёсць і добрыя навіны. У Горадні спынілі справу па пяцёх пратаколах у дачыненні гарадзенкі Любові Сарлай за ўдзел у нядзельных пратэстах, на якіх дзяўчына шпацыравала ў бел-чырвона-белых убраннях.

А з ізалятару ў Баранавічах пасля 10-ці содняў сёння выйшла 66-гадовая ўдзельніца Маршу пенсіянераў Валянціна Галіціч. Жанчыну затрымалі 7-га снежня каля ЦУМу. У жанчыны хворае і сэрца, і Валянціна часам траціць прытомнасць.

«У аўторак прынялі душ. Пазаўчора нарэшце прынялі душ, і мы адчулі, якое ж гэта шчасце. Калі прасілі нейкія лекі, доктар мог толькі праз 5-6 гадзінаў нейкую пігулачку прынесці. Тэмпературу практычна ніхто не мераў. Былі жанчыны з яўнымі прыкметамі каронавіруса», – узгадвае вызваленая пасля дзесяці содняў Валянціна Галіціч.

На волі і наш калега Ян Роман, якога збілі і затрымалі 10-га жніўня каля гарадзенскага ізалятару. Спачатку журналіст быў асуджаны за ўдзел у пратэсце і непадпарадкаванне службовай асобе, але абскардзіў прысуд. Сёння Яна апраўдалі.

«Я быў трохі здзіўлены. Акурат у гэтым кантэксце як правіла апраўдальных рашэнняў няма», – падзяліўся журналіст Ян Роман.

За кратамі застаюцца нашыя калегі Дар’я Чульцова, Кацярына Андрэева і Кацярына Барысевіч, якіх прызналі палітзняволенымі. Агулам у Беларусі цяпер 157 палітвязняў. Сёння статус палітзняволеных далі Ціхану Клюкачу і Сафіі Малашэвіч, асуджаным паводле крымінальных справаў.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат».