Судовыя рэпрэсіі: больш за 1000 крымінальных спраў


5 гадоў пазбаўлення волі атрымаў актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак. Яго вінавацілі ва ўдзеле ў пратэсце 9 жніўня і гвалце ў дачыненні міліцыянта. Вітольд мусіць кампенсаваць міліцыянту тысячу рублёў.

«Мы папросту ў шоку. Сам працэс быў закрыты. І калі чалавек вінаваты – зрабіце яго адкрытым. Пакажыце, дакажыце, раскладзіце ўсё па пальцах, што вось чалавек вінаваты. А так мы папросту ў шоку», – абураецца брат асуджанага Андрэй Ашурак.

На першы суд у «справе Ціханоўскага» Уладзіміра Кнігу, Яўгена Разнічэнку і Змітра Фурманава прыйшлі падтрымаць каля 60 чалавек. Мужчынаў вінавацяць у арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Кніга і Разнічэнка маюць абвінавачванне і ў гвалце ў дачыненні міліцыянтаў.

Усіх траіх затрымалі разам з Сяргеем Ціханоўскім 29 траўня на пікеце ў Горадні.

Пачаўся працэс за кактэйлі Молатава ў Гомлі. На лаве падсудных тры асобы. Леаніда Кавалёва вінавацяць адразу паводле чатырох крымінальных артыкулаў у планаванні правакацыі 10 жніўня. Нібы мужчына вырабіў два выбуховыя прыстасаванні і намовіў дваіх іншых падсудных кінуць іх.

«Гэта несправядлівасць. Ні за што дзяцёнак будзе сядзець, як гэтак можна? Малых трое дзетак, непаўналетніх, зусім малыя, у садочак ходзяць», – распавядае цётка Леаніда Кавалёва Людміла Абетчанка.

Паводле следства, другі фігурант справы, Дзмітрый Карнееў, кінуў кактэйль Молатава ў міліцыянтаў. Яго і 17-гадовага Мікіту Залатарова судзяць паводле трох крымінальных артыкулаў. Абвінавачанне сцвярджае, што Залатароў выкінуў кактэйль пасля здарэння.

«У яго цяжкія неўралагічныя захворванні. У нармальнай краіне, у нармальнай дзяржаве ён павінен ляжаць у шпіталі, а не сядзець у турме. Яго лячыць трэба. І плюс яшчэ ягонае здароўе пагоршылася ў турме. Ён прымаў адну таблетку – цяпер доза павялічылася ўдвая», – падзяліўся бацька Мікіты Залатарова Міхаіл Лапуноў.

«Сёння мы скажам не крываваму дыктатару, не – гвалту, не – беззаконню. Грамадства вытрывае і пераможа. Жыве Беларусь!», – гэта словы са звароту працаўнікоў Нацыянальнага аэрапорту і кампаніі «Белавія», які судзяць за яго як за несанкцыянаваны пікет. Два работнікі атрымалі 15 содняў, пяцёра атрымалі штрафы. Справу авіятэхніка Сяргея Івашкевіча адправілі на дапрацоўванне. Сёння паседжанне яшчэ раз перанеслі, каб дапрацаваць справу.

«Я ганаруся сваім сынам – вось і ўсё, што я магу сказаць. Я думаю, што справа дойдзе да свайго лагічнага завяршэння на карысць майго сына і ўсё будзе добра», – лічыць маці абвінавачанага Алена Сцёпіна.

За сёння паводле адміністратыўных справаў 216 содняў арышту атрымалі 14 чалавек. 15 асобаў атрымалі агулам 12 150 рублёў штрафаў. Цяпер у Беларусі 185 палітвязняў. Праваабаронцы паведамляюць пра больш за тысячу крымінальных справаў.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»