Судная ноч у Сірыі: ці будзе працяг?


Доналд Трамп папярэдзіў Башара Асада аб гатовасці да новых авіяўдараў, калі асадаўцы зноўку правядуць хімічныя атакі. А 4-й раніцы ЗША, Брытанія і Францыя выпусцілі больш за сотню крылатых ракетаў па ваенных аб’ектах Башара Асада.

Масква не стрымала абяцання закрыць сірыйскае неба проціракетнай абаронай, затое склікала экстранныя паседжанні Рады Бяспекі ААН і АДКБ, у якую ўваходзіць і Беларусь, як ваенны хаўруснік Расеі.

Начны ракетны ўдар па Сірыі сіламі ЗША, Вялікай Брытаніі ды Францыі. І адназначны сігнал рэжыму Башара Аль-Асада: выкарыстанне хімічнае зброі, як тыдзень таму ў Думе, недапушчальнае.

«Мы імкнуліся выкарыстаць усе магчымыя дыпламатычныя каналы, але нашыя намаганні былі неаднаразова сарваныя. Нават на гэтым тыдні Расея наклала вета на рэзалюцыю Рады Бяспекі ААН пра незалежнае расследаванне нападу на Думу. Таму не засталося ніякай альтэрнатывы, каб стрымаць сірыйскі рэжым у выкарыстанні хімічнае зброі», – заявіла прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Тэрыса Мэй.

Удары дакладна былі спланаваныя і скіраваныя на разбурэнне вайсковых абʼектаў, базаў, складоў, лётнішчаў, навуковага цэнтру – 10-ці цэляў, якія маглі мець дачыненне да ранейшай атакі хімічнаю зброяй.

«Сёння раніцаю былі выпушчаныя 110 ракетаў супраць сірыйскіх цэляў у Дамаску і не толькі. Нашая супрацьпаветраная абарона адрэагавала – і бальшыню збілі», – адзначыў прадстаўнік сірыйскага войска.

Заходнія хаўруснікі кажуць, што гэта не зусім так і ракеты дасягнулі цэляў. Хаця сірыйскае тэлебачанне паказала Башара Аль-Асада, які нібыта нічым не пераймаецца і папросту ідзе на працу.

«Атака Захаду толькі больш пераканае сірыйцаў у далейшым змаганні і размазванні тэрарызму на кожным сантыметры зямлі», – мяркуе прэзідэнт Сірыі.

Пэўнасці дадаюць саюзнікі. Галоўны – Расея, якая дапамагае рэжыму Аль-Асада. І перад атакаю Масква казала, што будзе збіваць ракеты. Сёння гаворыць, што яны не заляталі ў іхную зону кантролю. Да таго ж, заходнія хаўруснікі папярэдзілі Расею пра план удараў.

«Гэты факт амерыканскай агрэсіі сведчыць пра незацікаўленасць ЗША ў абʼектыўнасці расследавання, якое праводзіцца. Пра імкненне сарваць працэс мірнага ўрэгулявання ў Сірыі і дэстабілізаваць абстаноўку ў блізкаўсходнім рэгіёне», – заявіў Сяргей Рудской з Генштабу ўзброеных сілаў Расеі.

Але менавіта Расея наклала вета ў Радзе Бяспекі ААН на міжнароднае расследаванне ў справе выкарыстання хімічнае зброі ў сірыйскай Думе, дзе загінулі прынамсі 70 чалавек. Ізноў жа Расея мелася знішчыць хімічную зброю ў Сірыі пасля мінулай атакі.

«У 2013-ым годзе прэзідэнт Пуцін і ягоны ўрад абяцалі свету, што яны гарантуюць ліквідацыю хімічнае зброі ў Сірыі. Апошняя атака Асада і сённяшняя рэакцыя – гэта наўпроставае наступства таго, што Расея не здолела выканаць абяцання. Расея мусіць пастанавіць, пойдзе далей цёмнаю дарогаю ці далучыцца да цывілізаванага свету», – адзначыў прэзідэнт ЗША Доналд Трамп.

Уладзімір Пуцін цвердзіць, што расейскія эксперты не знайшлі слядоў хлору ці іншых рэчываў у Думу. А іхнае войска дапамагае змагацца з тэрарызмам.

«Без санкцыі Рады Бяспекі ААН, з парушэннем Статуту ААН, нормаў і прынцыпаў міжнароднага права здзейснены акт агрэсіі супраць суверэннае дзяржавы», – такой пазіцыі прытрымліваецца Уладзімір Пуцін.

Масква ўжо склікала экстраннае паседжанне Рады Бяспекі ААН. А таксама – і гэта вельмі важна – экстраннае паседжанне АДКБ. У арганізацыю ўваходзіць і Беларусь.

«Гэта спроба, канешне, уцягнуць Беларусь у дыпламатычныя разборкі. Перш за ўсё, у міжнародных арганізацыях. І дамагчыся гучнага падтрымання з боку Беларусі ў гэтых арганізацыях пазіцыі Расеі ды пазіцыі рэжыму Асада. Гэта будзе вельмі моцна ўплываць на імідж нашае дзяржавы», – кажа адмысловец у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін.

Найгоршы сцэнар – уцягванне Беларусі ў збройны канфлікт. Афіцыйны Менск ужо заклікаў Раду Бяспекі ААН прыкласці высілкі ў стабілізацыі.

У сваёй заяве МЗС Беларусі адзначыла:

«Сітуацыя ў Сірыі фактычна замяняецца ў міждзяржаўны збройны канфлікт, што можа пацягнуць далейшую непадкантрольную эскалацыю, якая выходзіць па-за межы рэгіёну».

Дэмакратычныя краіны адная за другою выказваюць сваё падтрыманне заходнім хаўруснікам. І матывуюць гэта тым, што маўчаць, калі рэжым забівае хімічнаю зброяй сваіх грамадзянаў, нельга. Па іншым баку канфлікту – аўтарытарныя краіны.

Сяргей Падсасонны, belsat.eu, фотаздымак на застаўцы да відэа Omar Sanadiki/ Forum