Суддзя спалохаўся, што не дадуць шэнгенскай візы, і адмовіўся судзіць белсатаўца?


Br 920 штрафу і канфіскацыя тэхнікі. Суд Першамайскага раёну Менску вынес вердыкт журналісту «Белсату» Аляксандру Баразенку. Справу аб нібыта парушэнні аўтарскіх правоў на брэнд «Белсат» улады скарысталі для чарговага ўдару па незалежнай журналістыцы ў Беларусі.

Фота- і відэаздымкі забароненыя. Але журналістам «Белсату» не прызвычайвацца. Свой прысуд Аляксандр Баразенка здолеў захаваць для гісторыі.

Гаворка пра канфіскацыю ўсёй тэхнікі з двух менскіх офісаў «Белсату»

Тэхніку 31-га сакавіка сканфіскавалі працаўнікі аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі, і абсталяванне, з якім Баразенку затрымалі 25-га сакавіка. Ужо пасля канфіскацыі на ім з’явіліся налепкі з лагатыпам «Белсату», якія сталі фармальнаю нагодай для судовага пераследу.

«Дадалося шмат макулатуры, якая ніякім чынам не даказвае ні наяўнасць гэтых налепак, ні тое, што я іх ляпіў, ні тое, што нават калі б яны і былі, то гэта б неяк парушала таварныя правы спадара Белякова», – абураецца Аляксандр Баразенка.

Хто такі Белякоў і чаму яго выкарыстоўваюць спецслужбы?

Як стала вядома на фінальным паседжанні, адрас офісаў тэлеканалу праваахоўнікам паведаміў менавіта Андрэй Белякоў, які доўгі час змагаецца з тэлеканалам за таварны знак. Тры гады таму Вярхоўны суд забараніў «Белсату» выкарыстоўваць гэтую назву пры трансляцыі на тэрыторыі Беларусі ды на інтэрнэт-старонцы.

«Я думаю, гэтыя адрасы Белякову падказалі. І ўвогуле я лічу, што ў гэтай справе – гэта чалавек, якога ўлада выкарыстоўвае для таго, каб разбірацца з «Белсатам», выносіць штрафы, канфіскоўваць тэхніку», – даводзіць Барыс Гарэцкі, прэс-сакратар «Беларускай асацыяцыі журналістаў».

Чаго забаяўся суддзя?

На думку БАЖ, праз палітычную матываванасць працэсу змяніўся і суддзя, які вёў першае паседжанне. На месца Дзмірыя Цыкалы прыйшла Настасся Папко, вядомая вынясеннем абвінаваўчых прысудаў за акцыі супраць «дэкрэту аб дармаедах».

«На мой погляд Дзмітрый Цыкал у першым працэсе зразумеў, што справа насамрэч мае палітычнае адценне і ёсць вялікая верагоднасць калісьці пазбавіцца паездак у Еўразвяз, альбо магчымасці атрымаць еўрапейскую візу», – упэўнены спадар Гарэцкі.

Сённяшні прысуд – адзін з мноства выпадкаў ціску на «Белсат»

Толькі сёлета супраць журналістаў тэлеканалу распачалі 45 адміністратыўных справаў за нібыта «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі медыяў». Але ні гэта, ні канфіскацыя тэхнікі не змогуць перашкодзіць у місіі «Белсату» даносіць праўду.

«У далейшым гэтае рашэнне суда Першамайскага раёну будзе абскарджвацца ў Менскім гарадскім судзе, потым у Вярхоўным і потым у Міжнародных структурах. Мы, як «Белсат» будзем далей працягваць працаваць. Як бачна, гэтыя канфіскацыі, якія адбыліся яшчэ ў сакавіку, на нашую працу моцна не паўплывалі. Натуральна мы адчуваем, што ў нас забралі дарагую тэхніку», – падсумаваў Аляксей Мінчонак, прадстаўнік «Белсату» ў Беларусі.

Але насуперак усім намаганням уладаў незалежны тэлеканал не толькі жыве, але і здабывае ўсё большую папулярнасць. Згодна з травеньскім апытаннем, аўдыторыя ў Беларусі за апошнія 3 гады ўзрасла ўдвая. А давяраюць «Белсату» больш за 80 % гледачоў.

Вольга Жарнасек, «Белсат»