Суд супраць пракуратуры ў справе масавага забойства


Пракурор прасіў найвышэйшую меру пакарання. Але Менскі гарадскі суд вырашыў пакінуць жыццё менчукам, што жорстка забілі трох чалавек, ды прызначыў ім пажыццёвае пакаранне. Беларуская Феміда стала больш гуманнай ці ўлады краіны, пазбягаючы самых жорсткіх прысудаў, спрабуюць такім чынам дагадзіць Захаду?

Любоўны трохкутнік разарвала смерць

Аліна Шульганава, былая БРСМаўка, выхавальніца дзіцячага садка, за 5 недэнамінаваных мільёнаў наняла двух «кілераў», каб папалохаць былога бойфрэнда і ягоную каханку. Найміты перастараліся і забілі пару. На дзень жа раней менчукі Вячаслаў Сухарко і Аляксандр Жыльнікаў з карыслівых матываў жорстка забілі жыхара Калодзішчаў.

Крымінальны кодэкс за забойствы з асаблівай жорсткасцю прадугледжвае смяротнае пакаранне, расстрэлу падсудных прасіў і пракурор, але суд агучыў іншы вырак.

«Прызначыць пакаранне ў выглядзе пажыццёвага заключэння з канфіскацыяй маёмасці і адбываннем пакарання ў калоніі асаблівага рэжыму».

Прысуд – прыкмета «лібералізацыі»?

Невынясенне смяротнага прысуду эксперты лічаць палавінчатаю захадаю Менску, скіраванай для паляпшэння стасункаў з Абʼяднанай Еўропаю. Заходнія палітыкі, з якімі ўлады Беларусі намагаюцца нармалізаваць адносіны, просяць адмяніць смяротнае пакаранне ці прынамсі ўвесці мараторый на яго ўжыванне.

«Апошнім часам усё часцей ідуць размовы пра тое, што вырашэнне адмены смяротнага пакарання ў нашай краіне адбудзецца вось-вось у бліжэйшы час», – распавядае праваабаронца Андрэй Палуда.

Размовы наўрад ці пяройдуць у дзеянне

Месяц таму кіраўнік краіны, спасылаючыся на рэферэндум 20-гадовай даўніны, даў зразумець, што адмяняць найвышэйшую меру пакарання не збіраецца.

«Што мяне стрымлівае: па-першае, я не маю права адмяніць ці мараторый, як тут з хітрынкай, накласці мараторый на смяротнае пакаранне. У нас рэферэндум прайшоў. Калі б гэтага рэферэндуму не было, я б неяк думаў», – зазначыў Лукашэнка.

Але ёсць меркаванне, што Лукашэнку, які мае бязмежныя паўнамоцтвы ў краіне, проста падабаецца быць уладаром жыццяў беларусаў.

«Я апошні стаўлю подпіс і я разумею, што пасля гэтага чалавека больш не будзе», – падкрэслівае Лукашэнка.

Вольга Старасціна, «Белсат», фота: naviny.by