Суд над прафсаюзамі – новая «справа Бяляцкага»

Праваабаронца Алесь Бяляцкі, а цяпер і лідары прафсаюзаў апынуліся на лаве падсудных у справе нявыплаты падаткаў з замежнай дапамогі. Сёння ў Менску распачаўся працэс над кіраўніком прафсаюзу РЭП Генадзем Фядынічам, і кіраўніком гарадской арганізацыі Ігарам Комлікам. Справа датычыць падзеяў 7 гадовай даўніны, калі на запыт беларускага Міністэрства юстыцыі, Літва і Польшча выдала банкаўскія дадзеныя некалькіх грамадскіх лідараў краіны. Тады па выніках Плошчы–2010 улады нанеслі ўдар па праваабарончаму руху арыштам Бяляцкага на 4,5 год. Ці чакаць такі фінал справы і ў прафсаюзнікаў?

Абвінавачаныя сядзяць на працэсе прынамсі не ў клетцы, як Бяляцкі. Фігуранты прыйшлі ў суд у нацыянальных вышыванках і з саліднаю групаю падтрымання. Пакуль не дапамагло: усе чатыры хадайніцтвы абароны суд адхіліў.

«Прадэкламаваная прававая дзяржава існуе толькі на паперы і незаконных судоў у нас няма. Магчыма, рашэнне ўжо ляжыць пад сукняй суддзі. Я гэтага не сцвярджаю, але дапускаю такі факт», – кажа абвінавачаны ў справе прафсаюзаў Ігар Комлік.

Крымінальную справу супраць прафсаюзных лідараў завялі летась адразу пасля хвалі пратэстаў б дармаедскім дэкрэце. Прафсаюз быў адным з актыўных удзельнікаў пратэставай кампаніі. У шэрагах арганізацыі больш за 2,5 тысячы чальцоў і дзясяткі юрыстаў, якія аказваюць прававое падтрыманне ў спрэчках паміж работнікам і працадаўцам.

Фактычна, тая ж праваабарончая дзейнасць, як і ў выпадку са справаю Бяляцкага сем гадоў таму.

«У нашым выпадку інфармацыя была перададзеная Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь, і яна была прадстаўленая. А тут, наколькі я ведаю, – гэтага няма», – кажа юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Прынамсі сёння такіх фактаў з боку абвінавачання не прагучала. Матэрыялы справы датычаць перыяду 2011–12 гадоў і рахунку ў адным з літоўскіх банкаў. Пракурор сцвярджае аб атрыманні больш за $ 17 тысячаў без выплаты і дэкларавання падаткаў з боку Фядыніча і Комліка. Асноўны пункт абароны – адсутнасць доказаў, якім чынам прафсаюзнікі, перабываючы ў Беларусі, маглі ажыццяўляць фінансавую дзейнасць у Літве.

«Безумоўна, на гэтыя пытанні – няма адказу. Калі ты суддзя, і абвінавачанне на руках, то мы павінныя ісці паводле артыкулу. А так мне не зразумелае абвінавачанне, як, думаю, і пракурору гэтае абвінавачанне не зразумелае», – кажа абвінавачаны ў справе прафсаюзаў Генадзь Фядыніч.

Хоць акурат пракурор на працэсе намякнуў, што факты вядзення замежных рахункаў могуць быць пацверджаныя сведкамі, паказанні якіх працягнуць заслухоўваць падчас наступных паседжанняў.

Адсотак апраўдальных выракаў у такіх справах блізкі да нуля. Бяляцкі атрымаў 4 з паловаю года абмежавання волі, але акурат цяпер у краіне перыяд лібералізацыі фінансавага крымінальнага заканадаўства. Таму чаканні ў больш мяккім выраку ці наагул апраўданні – падаюцца лагічныя. Але як гэтую справу ўлады маюць намер развязаць палітычна – «замяць» ці «пакараць» – даведаемся ўжо найбліжэйшымі паседжаннямі.

Алесь Залеўскі; фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Глядзі таксама