Суд Маскоўскага раёну Менску не падтрымаў Ганну Красуліну


Суд Маскоўскага раёну Менску не падтрымаў скаргі Ганны Красулінай на рашэнне МУС выслаць яе з Беларусі. Гэтак, сакратарка Аб’яднанай грамадзянскай партыі мусіць вярнуцца на год у Расею – краіну, грамадзянкай якой яна з’яўляецца. Паводле Красулінай, рашэнне палітычна матываванае. Бо вынеслі яго на падставе ў тым ліку адміністратыўных правапарушэнняў за ўдзел у перадвыбарчых пікетах і сустрэчы зняволеных з турмы. Таму цяпер прэс-сакратар АГП спрабуе прызнаць вынесеныя пастановы незаконнымі.

Суд Маскоўскага раёну сталіцы не паставіў кропку ў справе прэсавай сакратаркі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганны Красулінай. Пакуль будуць доўжыцца суды, Ганна можа знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.

У суд Ганна Красуліна звярнулася, каб адмяніць пастанову Упраўлення ўнутраных спраў аб высылцы за межы краіны. Ганна мае расейскае грамадзянства, але ад 2004 году стала жыве ў Беларусі. Фармальнай падставай для высылкі сталі тры парушэнні Адміністрацыйнага кодэксу.

«Ну вось… Хочуць як мага хутчэй выкінуць мяне з краіны, сапсаваць мне Каляды, нашкодзіць, як могуць, па-дробнаму», – кажа Ганна Красуліна, прэс-сакратарка АГП.

У палітыку Ганна Красуліна прыйшла ў 2010-ым, калі працавала ў камандзе экс-кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука. Два гады таму ў жніўні яе пакаралі штрафам за пікет па збору подпісаў за аднапартыйца Мікалая Казлова. Летась – за нацыянальны сцяг каля брамы ізалятара на Акрэсціна. Урэшце сёлетні штраф за безбілетны праезд у аўтобусе даў магчымасць для выдачы пастановы аб высылцы.

«Калі б усе беларусы былі па якасцях такія, як Ганна Красуліна, то мы б усе жылі ў іншай краіне. А, калі б былі такія чыноўнікі, то ў нас і суд быў, і парламент быў, і ўлада была б тварам да людзей. Пытанне не ў гэтым. Пытанне ў тым, што незалежна ад таго, грамадзянін ты Беларусі, ці Расейскай Федэрацыі, ці Украіны, ці іншай – калі ты аблізваеш уладу, то ты ёй даспадобы. Калі не, то яна будзе цябе перамолваць», – каментуе Анатоль Лябедзька, кіраўнік «Еўрапейскага дыялогу».

У камітэце па правах чалавека ААН ляжыць скарга Красулінай супраць судовай улады. Яна дабіваецца прызнаць незаконнымі пакаранні за ўдзел у выбарчых пікетах. Калі парушэнні прызнаюць, атрымаецца, што апазіцыянерку высылаюць з краіны за непрабіты талончык. Суддзя Вольга Гусакова абвясціла перапынак да заўтра, каб вырашыць: ці варта пачакаць рашэння міжнароднай арганізацыі.

Любоў Лунёва, belsat.eu