Суд дадаў «шызафрэніку» з бензапілой яшчэ 7 гадоў пазбаўлення волі. Нестыкоўкі ў справе Казакевіча


Свае дзеянні асэнсоўваў, наступствы – усведамляў. Да ранейшых 15 суд прысудзіў Уладзіславу Казакевічу яшчэ 7 гадоў пазбаўлення волі, з пераводам у калонію строгага рэжыму, з адбываннем першых пяці гадоў у турме.

У кастрычніку 2016 года Беларусь абляцела шакуючая навіна. 17-гадовы хлопец з заведзенай бензапілой забіў прадаўца менскага гандлёвага цэнтру «Еўропа» Алену Александронец, яшчэ дзве жанчыны ў выніку нападу пацярпелі. На момант злачынства Казакевіч меў толькі 17 гадоў.

Менавіта непаўналенатнасць дазволіла пазбегчы вышэйшай меры.

Падчас адбывання пакарання, праз год пасля злачынства Уладзіслаў Казакевіч з самаробным нажом у руцэ напаў на працаўнікоў калоніі.

Забаронены прадмет узяўся, нібыта, з рухомага флюаграфічнага кабінету. Але тут пачаліся дзіўныя нестыкоўкі. Працаўнікі калоніі блыталіся ў паказаннях, а сукамернікаў Казакевіча выслухаць адмовіліся.

«Як аказалася ў працэсе следства, у камеры ПКТ было два нажы, плюс да ўсяго тыя абставіны, пры якіх у камеры Казакевіча нібыта апынуўся нож, не пацвердзіліся, паколькі асуджаныя паказалі, што гэты нож знаходзіўся ў камеры каля 6 месяцаў», – кажа праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

Як у такім закрытым карным памяшканні так доўга мог знаходзіцца нож, ніхто не патлумачыў. Найбольшае ж пытанне як і на першым судзе выклікае адэкватнасць падсуднага. Ці можа чалавек, які па яго словах «не любіць людзей і хоча іх забіваць», быць псіхічна здаровым? Афіцыйная псіхалагічна-псіхіятрычная экспертыза сцвердзіла ва Уладзіслава Казакевіча «змешаны разлад асобы» – дыягназ, які сведчыць, што падсудны здольны адказваць за свае дзеянні.

«Звычайна яшчэ з савецкіх часоў чалавек прызнаваўся судом “вменяемым” адэкватным з такім дыягназам. А каб распавядаць пра дыягназ трэба бачыць пацыента», – кажа Станіслаў Саковіч з Цэнтру псіхічнага здароўя ў Навінках.

Абарона настойвала на правядзенні незалежнай экспертызы – дзеля гэтага былі прадстаўлены рэцэнзіі 5 выбітных псіхіятраў з Расеі з вялікім судова-экспертным досведам, але суддзя адхіліў гэтае хадайніцтва.

«Усе нашыя эксперты хорам сцвярджаюць пра тое, што Улад пакутуе на шызафрэнію. Яна па-рознаму завецца: вялацякучай, псіхапатападобнай», – распавядае бацька падсуднага Валянцін Казакевіч.

Спадар Валянцін упэўнены – Уладзіслава трэба лячыць, як гэта робіцца ў цывілізаваных грамадствах. Больш суровыя ўмовы пакарання толькі пагоршаць стан вязня і прывядуць да новага злачынства.

«Патрапіўшы ва ўмовы турмы строгага рэжыму, хочаш не хочаш, хвароба ўзмоцніцца. Мы можам сутыкнуцца з яшчэ адным злачынствам, якое можа быць здзейснена хворым чалавекам», – тлумачыць бацька Уладзіслава Казакевіча.

«Каральная псіхіятрыя выкарыстоўваецца ў дачыненні хворага чалавека, якога ўсялякімі спосабамі стараюцца не прызнаваць хворым, каб прадэманстраваць ужо каральную магчымасць самое дзяржавы ў дачыненні да асобы, якая здзейсніла цяжкое злачынства», – адзначае праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

Ад апошняга слова Уладзіслаў Казакевіч адмовіўся. Перад гэтым абвінавачаны толькі выразіў жаль у сувязі з тым, што не забіў начальніка калоніі, які, паводле яго сведчанняў, безпадстаўна караў яго за надуманыя прычыны.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»