Суботнікі і тэрміны па артыкуле 328 парушаюць правы дзіцяці


Суботнікі, доўгія тэрміны і дыскрымінацыя. Праваабаронцы прадставілі Альтэрнатыўную справаздачу па правах дзіцяці.

Беларускія праваабаронцы падрыхтавалі Альтэрнатыўную справаздачу аб выкананні правоў дзіцяці. У ёй закранутыя розныя аспекты: судовая сістэма, прымусовыя суботнікі, дыскрымінацыя дзяцей. Асобны націск на праблему 328. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», з пачатку 2015 года больш за 700 няпоўнагадовых былі асуджаныя па антынаркатычным артыкуле. Некаторыя атрымалі да 11 гадоў пазбаўлення волі.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Дзяржава не прадпрыняла дастаткова мераў, каб абмежаваць дзяцей ад спажывання наркотыкаў, з аднаго боку, а з іншага – не спыніла іх ад уцягвання ў наркабізнес. Менавіта так ставіцца перад дзяржавай задача Канвенцыяй аб правах дзіцяці», – сцвярджае юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

Альтэрнатыўныя справаздачы рыхтуюцца паралельна з афіцыйнымі дзяржаўнымі дакладамі ў камітэты ААН. У першую чаргу гэта магчымасць для грамадскай супольнасці паўплываць на выкананне правоў чалавека ў Беларусі. Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэту Дзмітрый Чарных кажа, што праваабаронцы намагаюцца даць аб’ектыўную ацэнку сітуацыі ў краіне, калі дзяржава факусуецца збольшага на станоўчых момантах.

Праваабаронцы ў сваёй справаздачы рэкамендуюць стварыць інстытут упаўнаважанага ў правах дзіцяці, падрыхтаваць антыдыскрымінацыйнае заканадаўства, а таксама надаць больш увагі правам дзяцей з уразлівых групаў. Дакумент прэзентуюць на сесіі Камітэту ААН у пытаннях правоў дзіцяці 20 студзеня.

Асобнае месца ў справаздачы займаюць правы дзяцей з уразлівых групаў. Арганізацыя «Леванія», якая працуе з дзецьмі з інваліднасцю, адзначае: у Беларусі шмат дзяцей, якія не могуць атрымаць паўнавартаснай адукацыі.

«Дзіця можа прэтэндаваць на праграму больш высокага ўзроўню, а ў дзяржавы няма ўмоваў ці няма спецыялістаў яе арганізаваць, тут узнікае парушэнне», – распавядае Аляксей Канстанцінаў, прадстаўнік арганізацыі «Леванія»

У той жа час праваабаронца Дзмітрый Чарных зазначае, што беларуская дзяржава робіць даволі шмат, каб палепшыць становішча дзяцей:

«Быў прыняты нацыянальны план аб правах дзіцяці, некалькі прадпрыемстваў уключаныя ў нацыянальны план па правах чалавека. Безумоўна, Беларусь зрабіла даволі дастатковы прагрэс у галіне скарачэння мёртванароджанасці».

У рыхтаванні Альтэрнатыўнай справаздачы ў пытаннях правоў дзіцяці ў Беларусі ўзяло ўдзел 8 арганізацыяў. Каардынаваў супольную працу Беларускі Хельсінкскі камітэт. Падобны дакумент падрыхтавалі ў Беларусі ўпершыню.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu