Аб'ектыў 10.04.2019 Суботнік на «Белсаце»: журналісты разам прыбіралі пасля ператрусу


Учора ў кватэры, дзе месціцца офіс нашага тэлеканалу, супрацоўнікі Следчага камітэту правялі ператрус. Забралі ўсе носьбіты інфармацыі і заадно перавярнулі ўсё да гары нагамі. Сёння нашыя журналісты сабраліся разам, каб прыбраць наступствы і надалей рабіць навіны для вас. Падрабязнасці ў Вольгі Чайчыц.

Носьбіты інфармацыі шукалі нават пад ваннай, у сметніцах, выцяжках, за абшыўкай у прыбіральні. Забралі камп’ютары, ноўтбукі, вінчэстары, флэшкі, некаторыя з дакументаў, перавярнулі ды перарылі ўсе рэчы, і, як водзіцца, за сабою не прыбралі.

Перажылі няпрошаных гасцей і зараз пачынаем разбіраць завалы. Журналіст «Белсату» Аляксей Мінчонак распавядае:

«Тое, што сканфіскавалі тэхніку, канечне, непрыемна. Мантажыстам няма на чым мантаваць, журналістам няма на чым пісаць свае тэксты. Але што, гэта першы раз? Мы гэта ўсё перажылі і перажылі ў тыя часы, калі яшчэ з тэлефонаў нельга было так эфектыўна працаваць, як зараз. Кампы яны забралі, тэлефоны пры нас, журналісты працуюць».

Журналіст «Белсату» Алесь Залеўскі тлумачыць:

«Як ужо паведаміў Следчы камітэт, што ў нас няма нармальнага офісу ў Менску, толькі жылая кватэра. То фактычна ў нас тут не кладоўка, не месца для пральнай машыны, а для запісу гуку. Ну, і трошкі ўлётак у нас тут было, я нават не ведаў пра іх існаванне, але аператыўнікі знайшлі».

– А ты ж у Варшаве павінная быць, што ты тут робіш?

– У такія дні немагчыма сядзець у Варшаве, калі твае калегі проста ў такім вэрхале павінныя разбірацца. Ну, яшчэ мне патэлефанаваў Баразенка. Сказаў, што тут ёсць бочка з малпамі, і я не змагла не прыехаць – размаўляю з журналісткай «Белсату» Ганнай Аземшай.

Праца кіпіць, а нашая каманда стала яшчэ больш згуртаваная і загартаваная. Журналістка «Белсату» Марыя Арцыбашава кажа:

«Мінулы раз, калі АБЭП да нас прыходзіў, дык яны проста налепачкі наляпілі і тэхніку вынеслі. А гэтым разам зрабілі выгляд больш плённай працы, парастрасалі тут увесь офіс, нават не нашыя рэчы, якія не адносяцца да «Белсату» ніякім чынам, чамусьці гэта ўсё вывернулі. Сабе працы знайшлі і нам працы знайшлі».

Журналіст Мікола Дзябёла распавядае:

«Яны адразу пачалі там нешта шукаць, мацаць. І раптам бачу, быццам ён там знайшоў кавалак золата. Дастае – кніжка, думае напэўна: «вось гады, хавалі нейкую крамолу». Потым чытае: «Моладзь і грамадзянскае грамадства Беларусі». Глядзіць так недаўменна на кніжку, перагортвае. Паглядзеў-паглядзеў – паклаў. Потым адчыняе – бах, пачак долараў! Я кажу: слухайце, пачытайце ўважліва, там напісана – сувеніры».

А журналістка «Белсату» Таццяна Белашова дадае:

«Калі б мы яшчэ зрабілі прыборку ў офісе? І калі б мы гэта зрабілі ўсе разам?! Ды ніколі! Гэта прыбіральніца робіць. А тут мы аб’ядналіся, наноў пасябравалі і галоўнае – насмяяліся, бо калегі – такія страшныя гумарысты».

Офіс прыбралі і працягваем рабіць сваю працу.

Вольга Чайчыц, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары