Суботні марш не толькі жанчын


Салідарныя з тымі, хто бастуе. Гэтак жанчыны анансавалі тэматыку сённяшняга суботняга маршу. Патрабаванні – усцяж ранейшыя.

«Не мае права ён больш быць на пасадзе. Два тэрміны яму дазволена, а ён у нас сядзіць доўга. Таму мы і выходзім на пратэсты, каб ён сышоў у адстаўку».

«Што мне застаецца рабіць? Майго сына пасадзілі другі раз. Ён доктар, у часе эпідэміі COVID-19 яго пасадзілі за грамадзянскую пазіцыю».

«Я думаю ўжо – усё, не пайду, ногі баляць. Але, паглядзеўшы беларускае тэлебачанне, які ідзе падман, якая выдумка, я іду».

Бел-чырвона-белыя сцягі, што зазвычай лунаюць на пратэстах, неўзабаве могуць трапіць пад афіцыйную забарону. Дэпутаты палаты прадстаўнікоў пераглядаюць Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях. Сярод іншых новаўвядзенняў – павелічэнне памераў штрафаў і тэрміну арышту да 30-ці содняў, пакаранне ў выглядзе грамадскіх працаў. Паводле праваабаронцы Гары Паганяйлы, гэткі перагляд закону не адпавядае міжнародным дамовам, што ратыфікавала Беларусь.

«Сёння сотні тысяч людзей у краіне пратэстуюць супраць сфальшаваных выбараў і гвалту. Людзі кажуць: улады, апрытомнейце, вярніцеся ў прававое поле, і выконвайце канстытуцыйныя прадпісанні. А ім кажуць: чхалі мы на вашыя канстытуцыйныя правы і свабоды», – кажа намеснік старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла.

«Сашава адстаўка – лепшая папраўка. Сашава адстаўка – лепшая папраўка».

Гэтак удзельніцы маршу сустрэлі намер уладаў. А ці здолеюць папраўкі прымусіць іх заставацца ўдома?

«Улады рэальна баяцца таго, што адбываецца, і, як кожная істота ў стане страху, яны спрабуюць рабіць сябе больш страшнымі, чым насамрэч ёсць».

«Яны ўжо ўсё. Што маглі – зрабілі. Свой гвалт як маглі – ужылі. Людзі ўжо не баяцца апынуцца ў камеры ці штосьці такое».

«Я ўжо старая, няхай мяне забіваюць, няхай садзяць, няхай забіраюць пенсію, на бульбе пражыву. Усё будзе добра, няхай толькі сыдзе, не здзекуецца з народу».

Ля чырвонага ж касцёлу на акцыю пачалі збірацца людзі з інваліднасцю. Яны рушылі праспектам Незалежнасці, аб’ядналіся з калонаю жанчын ды разам прайшліся да будынку ГУМу. Жанчыны спынілі шэсце на плошчы Якуба Коласа.

Тым часам ужо сёння з тлумачэннем «за бел-чырвона-белы сцяг» затрымалі актывістаў Ганну і Віктара Шапуцькаў, а таксама Рыгора Асаулу. Яны трымалі варту ля рэстарану «Паедзем паядзім» у Курапатах. Агулам у краіне, на момант рыхтавання матэрыялу, затрымалі прынамсі 17 асобаў.

Юлія Лабанава, «Белсат»