Аб'ектыў 26.07.2019 Стыхія паказвае характар: надзвычайная спёка ў Францыі і Вялікай Брытаніі, магутны град у Беларусі


42,5 градусы цяпла ў ценю. Такога сквару ў Францыі сіноптыкі не фіксавалі апошнія 72 гады. Б’е рэкорды спёка і ў Вялікай Брытаніі. У Расеі ратавальнікі змагаюцца з ляснымі пажарамі. Свой характар стыхія паказала і ў Беларусі навальніцамі і градам.

Фантаны насупраць Эйфэлевай вежы – ледзь не адзіны шанец уратавацца ад надзвычайнай спёкі. Штодня адпачыць ад гарачыні сюды прыходзяць тысячы жыхароў і гасцей Парыжу. Гэтымі днямі слупкі тэрмометраў у цені падымаліся вышэй за 40 градусаў.

Штопраўда, палохае гарачыня не ўсіх. Нават у гэтыя гарачыя дні Рамэн не адмаўляецца ад гульні ў пляжны валейбол.

«Мы не баімся спёкі, перажывем. Пагуляем да 12:30, 13:00. У нас ёсць вада і батончыкі-мюслі. Апроч таго, на шчасце, мы гуляем у цені, таму трэнавацца тут не так цяжка», – гаворыць жыхар Парыжу Рамэн Жэсмʼер.

Б’е рэкорды спёка і ў Вялікай Брытаніі. 38,5 градусаў за знакам плюс. Такога ў гісторыі ліпеньскіх назіранняў яшчэ не было.

«Праз такую спёку ў мяне сёння процьма замоваў. Так што сёння вельмі інтэнсіўны працоўны дзень, разоў у 5 больш працы, чымся звычайна», – распавядае Джунэйд, пастаўшчык лёду ў Лондане.

«Не прыгадаю такой спёкі ў гэтай краіне. У метро вельмі душна. Такое адчуванне, што не працуюць кандыцыянеры. У мяне ўдома ёсць кандыцыянер, і я вельмі з гэтага цешуся», – прызнаецца лонданец Оўэн.

«Вельмі горача. Уключаем на поўную магутнасць вентылятары, гэта, вядома, шумна, аднак ахалоджвае паветра і ўначы хоць неяк можна спаць», – дзеліцца сваймі ўражаннямі яшчэ адзін жыхар Лондану Марк.

Але анамаліі з надворʼем назіраюцца не толькі ў Заходняй Еўропе. Напярэдадні ў Будславе выпаў магутны град памерам з яйка.

«Гароду няма. Можна ўсё закопваць сёлета!» – перажывае тутэйшы жыхар.

Стыхія пабіла гароды, паразбівала шыбы і шклярніцы. А сам Будслаў на дзень ператварыўся ў кавалак ледзянога каралеўства.

Вітаўт Сіўчык, Алесь Яшчанка, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары