Студыя інклюзіўнага танца ў Віцебску шукае валанцёраў


Магчымасці чалавека – нават на інвалідным вазку – неабмежаваныя. Пашырыць прастору ўласнай свабоды ў студыі інклюзіўнага танцу «Імпэт» дапамагаюць віцебскія грамадскія актывісты.

Студыя танцу ўжо два гады працуе на базе каталіцкага дабрачыннага аб’яднання «Карытас» у Віцебску.

«Я ўбачыла відэа ў інтэрнэце, як займаюцца танцамі. І мяне яны вельмі зацікавілі», – кажа ўдзельніца заняткаў Аліна Новікава.

Відэсюжэт пра студыю інклюзіўнага танцу глядзіце ў поўным выданні вечаровых навінаў:

Паўтарагадзінныя заняткі праходзяць двойчы на тыдзень. Танчыць вучацца дваццаць чалавек «на нагах» і некалькі параў на вазках.

«Зараз маем чатыры пары, спадзяемся, будзе больш. Мы маем вялікую патрэбу ў валанцёрах, таму што найчасцей мы ствараем комбі-пары: з тых, хто «на ножках», і тых, хто на вазку. І першых нам сапраўды не стае», – кажа кіраўніца студыі танцу Марына Булатоўская.

Хрысціна прыйшла на танцы, каб падтрымаць сябра. Мінула некалькі месяцаў, і яны ўжо ўдзельнічалі ў міжнародным фестывалі «Inclusive Dance» у Маскве.

«Атрымалі трэцяе месца, і кубак атрымалі, і дыплом. Аднак сумна, што нам не хапае валанцёраў, якія малі б ісці ў пары да нас», – кажа валанцёрка Хрысціна Карпанава.

А Наталля спадзяецца, што танец дазволіць ейнай дачцэ Хрысціне хутчэй асвоіць вазок.

«Сёння мы ўпершыню прыйшлі, каб паспрабаваць, ці ўсё атрымаецца. Мы хочам атрымаць нейкія веды і сакрэты, як ёй хутчэй і лягчэй атрымаць самастойнасць», – дадае ўдзельніца заняткаў Наталля Бароўка.

На пачатку красавіка студыю «Імпэт» грамадскія актывісты Віцебску ўзнагародзілі як найлепшы спартовы праект года. Інклюзіўныя танцы дапамагаюць раскрыцца як людзям з інваліднасцю, так і без яе – кажуць арганізатары заняткаў. І заклікаюць далучыцца кожнага, хто дагэтуль танчыў толькі ва ўяўленні.

Аляксандр Папко, «Белсат»