Студэнты зноў запратэставалі супраць гвалту

Заспявалі «Грай!» ва ўніверсітэцкім дворыку БДУ ды рушылі па цэнтральных вуліцах гораду, каб узяць удзел у агульным шэсці менскіх студэнтаў. Аднак амаль адразу ж распачаліся затрыманні. Студэнты БДУ:

«Пад‘ехалі тры бусы, спачатку схапілі чалавек 8 хлопцаў, ад’ехалі бусы, астатніх хлопцаў мы пакінулі ў счэпцы, сталі думаць, што рабіць, прыехалі яшчэ тры бусы, астатніх хлопцаў сталі літаральна выцягваць».

«Да аднаго, усіх хлопцаў забралі!».

Дзяўчыны, што сталіся сведкамі брутальных затрыманняў, запісалі зварот да кіраўніцтва БДУ.

«Мы просім вашае дапамогі, мы просім вашае падтрымкі! Калі ласка, вярніце нашых хлопцаў!»

Сваю салідарнасць выказалі і некаторыя выкладнікі.

«Гэта абсалютна недапушчальна. Тое зверства, з якім ажыццяўляюцца затрыманні», – мяркуе старэйшая выкладчыца факультэту міжнародных дачыненняў БДУ Кацярына Ядчанка.

«Асуджаем любы гвалт, што будзе ўжывацца на адрас нашых студэнтаў, якія мірна выказваюць сваю пазіцыю», – кажа выкладчык міжнародных дачыненняў БДУ Дзмітрый Данільчук.

Студэнты іншых ВНУ, якім усё ж удалося абмінуць затрыманні, а таксама выкладнікі ды былыя выпускнікі рушылі да Менскага лінгвістычнага ўніверсітэту. Менавіта тут учора адбыўся выпадак, што знову ўскалыхнуў студэнцкую супольнасць. Навучэнцаў, якія заспявалі песні пратэсту, брутальна разагнаў АМАП.

– Чаму, па-першае, АМАП можа ўрывацца ва ўніверсітэт, і адміністрацыя ў прынцыпе нічога, ніякіх спробаў спыніць гэта не рабіла?

– Яны былі не ў форме. Гэта як выкраданне ідзе.

– Ну так, у цывільным.

Рэктарка ВНУ Наталля Баранава выказала шкадаванне, аднак заклікала навучэнцаў больш не браць удзелу ў несанкцыянаваных акцыях. Удзельнікі акцыі ля МДЛУ:

«Іхныя паводзіны проста абуральныя, і далейшы выступ Баранавай, дзе яна спрабавала сесці на два крэслы адразу, проста не паддаецца каментару. Ніхто не паверыў, што яна спрабуе абараніць студэнтаў».

«Мы ўжо не дзелімся на студэнтаў, працоўных. Мы проста народ Беларусі, людзі якога заўжды будуць падтрымліваць адно аднаго. Да канца».

«Праблема не ў студэнтах, праблема не ў нас, праблема ў людзях, якія спрабуюць чамусьці забараніць прыход вясны ручным метадам».

Над дапамогаю беларускім студэнтам цяпер, сярод іншага, працуе незарэгістраваны кандыдат на прэзідэнта Валер Цапкала разам са сваёй жонкай ды прадстаўніцай ягонага штабу Веранікай Цапкалай. Навучэнцам, якія пратэставалі ды сутыкнуцца з адлічэннем, паводле ідэі праекту, прапануюць магчымасць працягнуць навучанне за мяжою.

«У нас была сустрэча з міністрам замежных справаў Польшчы, былі сустрэчы са спікерам сенатара Польскай рэспублікі, мы казалі пра тую дапамогу, якую Польшча ды іншыя краіны змогуць аказаць Беларусі, мы дамовіліся пра стварэнне фонду, фонд ужо зарэгістраваны», – распавяла прадстаўніца штабу Валера Цапкалы Вераніка Цапкала.

У сённяшніх акцыях агулам узялі ўдзел больш за тысячу навучэнцаў сталічных ВНУ. Гэта другі буйны пратэст студэнтаў з пачатку верасня.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Глядзі таксама