Студэнты, пенсіянеры і медыкі выйшлі супраць гвалту


У аўдыторыях сталічных універсітэтаў сёння нешматлюдна. Да агульнанацыянальнага страйку далучыліся як студэнты, гэтак і выкладчыкі.

«Мы жывём у гэтым пекле ўжо не першы месяц, і мы хочам, каб гэта ўсё спынілася. Выходзім, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, і як выкладнікі, як старэйшыя, падтрымаць нашых студэнтаў», – кажа Ганна Аблова з кафедры тэорыі практыкі англійскай мовы МДЛУ.

На шпацыр па горадзе замест заняткаў выйшлі студэнты і выкладчыкі ледзь не ўсіх ВНУ сталіцы. Да пратэсту далучыліся будучыя медыкі, эканамісты, журналісты, філосафы… Адна з самых вялікіх калонаў сфармавалася ля дзвярэй БДУІРу. Вось толькі спакойна пагуляць па горадзе маладзёнам не далі. Да іх прыехалі амапаўцы.

Усе, хто ацалеў пасля затрыманняў, ізноў збіраліся на праспекце ды ішлі ў бок галоўнага корпусу БДУ. Там студэнты і выкладчыкі гучна паведамілі, хто, на іхную думку, мусіць сядзець у аўтазаку.

Ля ўнутранага дворыку БДУ сабралася столькі пратэстоўцаў, што сілавікі доўгі час не маглі пачаць чарговы хапун. А калі супрацоўнікаў АМАПу стала надта шмат, студэнты перабеглі праз дарогу і далучыліся да маршу пенсіянераў – ужо традыцыйнага ў панядзелкі.

Маладыя пратэстоўцы разам з удзельнікамі акцыі сталага веку пайшлі ў бок плошчы Перамогі. Такога шматлікага маршу пенсіянераў у сталіцы яшчэ не было.

«Я вельмі шчасліва, што ў нас вырасла, як я кажу, новае пакаленне Каліноўскіх. Моладзь, якая нас падтрымлівае! Толькі быць разам і не адступаць. Хадзіць да перамогі. Здзьмуўся, здзьмуўся… Гэта ён здзьмуўся».

«Я пражыла пры гэтым кіраўніку, за якога ніколі не галасавала, 26 год. І гэта была не мая краіна, не мая мова і не мае святы. Мае дзеці 10 жніўня апынуліся на Акрэсціна і ўбачылі ўвесь той жах. І я выходжу за іх будучыню. Я буду змагацца, колькі ў мяне будзе сіл», – кажуць удзельнікі маршу пенсіянераў.

Цягам усяго маршу людзі сталага веку заклікалі сілавікоў да адказу. І патрабавалі спыніць гвалт у краіне.

«Прыйдзе час, калі Акрэсціна прыбяруць з зямлі нашай беларускай! І паставяць помнік людзям, што былі забіты, затрыманы. Яны адкажуць і за Захаранку, і за Ганчара. І за гэту моладзь, якая знікла. Жыве! Жыве!»

Вось толькі жорсткасці ад гэтых заклікаў менш не стала. На момант стварэння матэрыялу, паводле звестак праваабаронцаў, былі затрыманыя больш за дзве сотні пратэстоўцаў.

Міхаіл Прановіч belsat.eu