Студэнты не здаюцца


«Вы ніколі не знойдзеце годнай замены!» Студэнты і выкладчыкі Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту чарговы раз выйшлі на акцыю каля альма-матар, каб падтрымаць звольненую выкладчыцу-італьяністку Наталлю Дуліну.

«Такая падтрымка, якая ёсць сёння, – гэта нешта неверагоднае!» – кажа Наталля Дуліна.

Ужо пасля абеду стала вядома, што адважную выкладчыцу затрымалі міліцыянты.

Удзельнікі акцыі, МДЛУ:

«Рэпрэсіі вядуць толькі да яшчэ большага ўздыму людзей, і гэты шлях у нікуды».

«Гэта не метад. І людзі, якія смела выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю, яны акурат дастойныя, каб вучыць нашых дзяцей».

Шматлюдна сёння было і каля БДУІРу. У выніку адміністрацыя ўніверсітэту паабяцала нікога не адлічваць. Маўляў, апошняе папярэджанне сёння. А вось у Беларускім дзяржаўным медычным універсітэце адміністрацыя выключыла з шэрагу студэнтаў ужо 21-го навучэнца, звольнілі і двух выкладчыкаў. Таму сёння тут зноў адбылася акцыя салідарнасці.

Удзельнікі акцыі, БДМУ:

«Мы прыехалі падбадзёрыць студэнтаў, каб яны пачулі нас і таксама падтрымалі сваіх пабрацімаў»

Пратэставалі сёння і ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Паразмаўляць з «Белсатам» студэнты пагадзіліся толькі на ўмовах ананімнасці.

Удзельнікі акцыі каля БДЭУ:

«Вядома, што ўжо адлічылі пяцярых студэнтаў. Ёсць загад. Таксама ёсць непацверджаная інфармацыя, што яшчэ 25 асобаў адлічваюць таксама».

«У тых універсітэтах ёсць падтрымка выкладчыкаў. У нас яе няма».

Неспакойна з самай раніцы было і каля Акадэміі мастацтваў: сотні людзей, натоўпы студэнтаў ды подпісы пад калектыўным зваротам з патрабаваннем аднавіць адлічаных навучэнцаў. Ліст падпісалі больш за 60 працаўнікоў акадэміі, у тым ліку прарэктар Алена Бохан.

Удзельнікі акцыі каля БДАМ:

«Мне падаецца, было б правільным, каб, калі будуць адлічваць з кожнага курсу па чалавеку, усе людзі сыходзілі за ім».

«Гэта мая альма-матар, я скончыла мастацкую акадэмію, я мастак, таму я не ведаю, як можна сядзець удома».

«Кім яны будуць, калі іх зараз адлічаць? Яны будуць вялікімі польскімі, чэшскімі, амерыканскімі мастакамі і акторамі. А ў нас іх не будзе».

Не будзе, бо адлічаных студэнтаў, калі яны з’едуць вучыцца за мяжу, улады Беларусі назад не чакаюць – напярэдадні Лукашэнка даручыў падрыхтаваць закон аб непрызнанні замежных дыпломаў.

«Калі яны хочуць вучыцца, ім там мазгі прамыюць, як палякі нашым студэнтам, якія там вучацца, і яны нам падкінуць як пятую калону, гэтага не будзе», – заявіў Лукашэнка.

Такім чынам, улады Беларусі ідуць насуперак Балонскаму працэсу, зазначае старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім.

«Жаданне паставіць мяжу паміж Еўропай і Беларуссю выліваецца ў тое, што ў нашых маладых людзей адбіраецца будучыня», – кажа Алена Анісім.

Аднак змены не за гарамі, перакананыя навучэнцы. Як і выпускнікі таго ж БДУ, якія прыйшлі сёння не толькі дзеля падтрымання студэнтаў, але і каб павіншаваць з днём народзінаў сваю альма-матар.

Віталь Бабін, «Белсат»