Студэнты курсаў «Мова Нанова» ратуюць лес


Разам з вясной у лесе ажываюць і лясныя праблемы. Апроч пажараў, леснікоў і браканьераў, у нашых лясоў новая навала: апошнія гады іх з апетытам з’ядае жук-караед.

Знаёмцеся: памер – ад міліметра да васьмі, відаў больш за 140, характар нардычны, устойлівы, апетыт невымерны, арэал – Еўропа. Асабліва небяспечны.

Ужо ў 2017 караеды знішчылі лясную паверхню Беларусі на 7 тысячаў гектараў (каля 5 тысячаў футбольных стадыёнаў). Знак караеда – рудыя лясы – бачыў бадай кожны, а прагалы следам за ім ствараюць ужо лясгасы, бо толькі высяканнем можна заразу спыніць. Хоць і гэта няпроста, кажа Арцём Пінчук, ляснік Рэчыцкага лясгасу:

«Гэта вельмі вялікія абʼёмы, трэба шмат садзіць, плошчы вельмі шмат праз караеда павыразалі…»

Хворыя сосны можна выкарыстаць прамыслова, але толькі на пэўным этапе высякання, а паспець за шкоднікам цяжка: калоніі жукоў імгненна перамяшчаюцца далей – на свежааголеныя пасля высякання дрэвы, аслабленыя рэзкімі зменамі ў асвятленні. Чаго не прымае прамысловасць – мусіць быць спаленае, а гэта вялікая страта для эканомікі ды экалогіі. Падобная сітуацыя ва Украіне і ў Польшчы, дзе караед упадабаў рэліктавы абшар Белавежскай пушчы. Летась тагачасны прэмʼер Міхаіл Русы запэўніў, што лясны баланс пад кантролем:

«Калі мы высеклі 22–23 тысячы гектараў лесу, то 24 тысячы пасадзім».

А сёлета Аляксандр Лукашэнка выслухаў навукоўцаў, якія шукаюць генетычныя механізмы кантакту дрэва з караедам – дзеля максімальна ранняй дыягностыкі хворых дрэваў. Праблема па-ранейшаму вострая, а магчымасці лясгасаў, каб ратаваць сітуацыю на месцах, абмежаваныя, паводле лесніка Арцёма Пінчука:

«Пажадана, каб тэхніка была. У лясгасах машынаў не стае, каб развозіць да дзялянак. І добраахвотнікі патрэбныя».

Пакуль навукоўцы шукаюць генакоды, а лясгасы транспарт, людзі самі прыходзяць на дапамогу лясам. Гэтак, рэчыцкія актывісты пасадзілі за дзень 3 тысячы маладых соснаў на тэрыторыі паўгектара. Арганізатар акцыі, кіраўнік курсаў «Мова Нанова» у Рэчыцы Андрэй Мядзьведзеў, мае чым ганарыцца:

«Студэнты курсаў «Мова нанова» саджаюць лес у наваколлі Рэчыцы, і, спадзяемся, што гэты лес будзе расці, гадавацца разам з намі, мы будзем назіраць».

Кволыя саджанцы вышынёй усяго 15 сантыметраў да лесу стануць падобныя гадоў праз восем. Але гэта годная кропля ў лясным моры. Таццяна Грышкавец, наведніца курсаў, з ахвотаю далучылася да пасадкі дрэваў:

«Не хочацца быць абыякавым. Хочацца браць удзел у жыцці краіны. Сілы ёсць, на пенсіі, працы няма. А тут я адчуваю сваю патрэбнасць».

А з 13 да 20 красавіка ў краіне 12 раз пройдзе «Тыдзень лесу». Летась 83 тысячы ўдзельнікаў пасадзілі каля 25 мільёнаў дрэваў. А сёлета талакой нават прыдумлялі ў сацыяльных сетках слоганы, дзе сярод лідараў быў такі:

«Адно дрэва. Адзін тыдзень. Адзіны лес».

Беларусь па-ранейшаму – у дзясятцы лясных краінаў Еўропы, і каб там заставацца, а таксама дзеля падтрымання свайго партызанскага гену, – караеда трэба перамагчы, а лес – уратаваць. Таццяна Грышкавец, наведніца рэчыцкіх курсаў, нават прыдумала ўласны дэвіз:

«Кватэру купіла, сына нарадзіла, лес пасаджу».

Такі вось просты дэвіз.

ВГ, belsat.eu