Студэнты і выкладчыкі супраць гвалту


Студэнты і выкладчыкі розных беларускіх вучэльняў зладзілі пратэст супраць улады Аляксандра Лукашэнкі ды міліцэйскага гвалту і за свабоду палітвязняў. Міліцыя спрабавала разагнаць Марш студэнтаў у Менску, людзі ў масках і чорнай форме ўжывалі фізічную сілу. Затрыманыя некалькі чалавек. АМАП збіваў студэнтаў проста ў дварах навучальных установаў. Аляксандр Папко распавядзе падрабязнасці.

«Проходи, чмо ты б…ть», – з такімі словамі мапаўцы заганялі студэнтаў у будынак Лінгвістычнага ўніверсітэту, каб яны не далучыліся да маршу пратэсту. У Дзень ведаў вуліцамі Менску прайшліся навучэнцы шасці найбуйнейшых сталічных ВНУ.

Шэсце а 10 гадзіне раніцы распачалі студэнты Універсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі ды Нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту. У МДЛУ тым часам збіралі подпісы пад зваротам да міністра адукацыі.

«У нас пяць пунктаў. Гэта адстаўка Лукашэнкі, спыненне гвалту, прыцягненне да адказнасці ўсіх, хто прымаў удзел у катаваннях і здзеку з палітвязняў, вызвалення ўсіх палітвязняў, адстаўка ЦВК і правядзенне новых, сумленных выбараў».

«Сёння раніцай прыязджаў Макей, таксама выпускнік нашага ВНУ. Не знайшоў часу з намі паразмаўляць. Прыпаркаваўся, дарэчы, няправільна», – распавялі студэнты МДЛУ.

Паставіць свой подпіс пад петыцыяй студэнтаў Уладзімір Макей адмовіўся. Душыць пратэст лінгвістаў прыехаў АМАП. Запусціць сілавікоў у будынак, каб суцішыць студэнтаў, прыгразіў намеснік рэктара па выхаваўчай працы Ігар Пучэня.

«Пяць хвілінаў таму вы сказалі, што запусціце сюды АМАП, калі мы не спынімся!» – «Я і цяпер заяўляю!» – «Вы запусціце АМАП супраць нас?! Мы вам плацім, мы вас наймаем!» – «Вы мне нічога не плаціце!» – «Хто тут плаціць за сваё навучанне? Мы, студэнты плацім вам!» – такая перапалка гучала ў холе універсітэта.

Студэнты, выпускнікі і выкладчыкі Універсітэту культуры выйшлі абараніць сваю рэктарку Аліну Корбут, якую ўчора нечакана звольнілі ўлады.

«Пра гэта не ведала нават Аліна Анатолеўна. Учора рыхтаваліся да лінейкі, але лінейку ў нас скасавалі, а ёй пазванілі і сказалі: «Збірайце рэчы, Аліна Анатолеўна».

«Гэта адзіны рэктар у Менску, хто выказаўся супраць гвалту, супраць затрыманняў, і мы хочам, каб нашыя галасы хоць неяк пачулі!»

«Хацелася б, каб Канстытуцыю нашай краіны паважалі не толькі звычайныя грамадзяне, але і тыя, хто гэтую Канстытуцыю піша. Пакуль што павагі правоў чалавека і Канстытуцыі з боку кіраўніцтва краіны не бачна», – заявілі студэнты БДУК.

Абыходзячы ці нават прарываючы ланцугі АМАПу, калоны студэнтаў з БДУ, эканамічнага, радыётэхнічнага, лінгвістычнага, нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэтаў і Універсітэту культуры прайшлі па праспекце Незалежнасці, парку Горкага ды Нямізе.

«Яны баяцца грамадскага меркавання, бо, калі мы дойдзем да Міністэрства адукацыі, нічым добрым для іх гэта не скончыцца», – пракаментаваў дзеянні сілавікоў адзін са студэнтаў.

Некалькі дзясяткаў людзей былі затрыманыя сілавікамі.

«Тых хлопцаў, якія стаялі ў першай лініі, АМАП проста пачаў душыць і валіць на зямлю. Гэта было жахліва. Мы ніяк не правакавалі, мы проста хацелі мірна дайсці да Міністэрства адукацыі», – распавяла адна з удзельніцаў маршу.

Жорсткімі затрыманнямі скончылася акцыя каля Ліцэю БДУ. У ланцугу салідарнасці ля роднай школы стаялі больш за сотню яе выпускнікоў.

«Мы хадзілі разам гулялі, а яны раптам з’явіліся з таго боку!»

«Яны акружылі ліцэй і пачалі атакаваць людзей унутры ліцэю. Мы сталі ў счэпку, але яе раскідалі», – распавядалі шакаваныя выпускнікі Ліцэю.

У Дзень ведаў сілавікі затрымлівалі не толькі студэнтаў. У міліцэйскія ўчасткі трапілі не менш як сямёра журналістаў і выкладчык гістфаку БДУ кандыдат гістарычных навук Вадзім Белявец.

Аляксандр Папко, «Белсат»