Студэнты бароняць свае правы


Студэнты, пацярпелыя за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, працягваюць змагацца за свае правы.

Сёння ў судзе Маскоўскага раёну Менску адбыліся папярэднія слуханні ў грамадзянскай справе студэнткі факультэту журналістыкі БДУ Паліны Пракапені. Яна спрабуе аспрэчыць неабгрунтаваную вымову за ўдзел акцыі салідарнасці са страйкоўцамі, якую 26-га кастрычніка на прыступках факультэту журналістыкі зладзілі студэнты. Студэнтка 3-га курсу Паліна Пракапеня была сярод іх.

Студэнты БДУ страйкуюць.
Фота: Агата Квяткоўска «Белсат»

«Шмат працоўных, якія рызыкуюць сваёй працай. У мяне як у студэнткі быў парыў, што я павінна была выказаць сваю салідарнасць», – падкрэслівае дзяўчына.

Напярэдадні Паліна напісала заяву ў дэканат, што будзе адсутнічаць у гэты дзень на занятках. Аднак кіраўніцтва журфаку абвесціла ёй ды іншым студэнтам вымову.

«Няправільна склалі дакументы. У нас павінны былі папрасіць тлумачэнні, а адразу склалі акт, што мы адмовіліся ад тлумачэнняў. Але мы не адмаўляліся, у нас іх ніхто не прасіў», – адзначае аднакурсніца Паліны Глафіра Жук.

Дзве вымовы – і студэнтку адлічаць з факультэту. Таму яна звярнулася ў суд, каб адмяніць спагнанне. Падтрымаць дзяўчыну прыйшла выкладчыца філалагічнага факультэту.

«У цэлым было бачна, што кіраўніцтва факультэту нелаяльна да гэтай сітуацыі, а мае сваё пэўнае меркаванне. Прагучалі такія словы, як замбаванне, маніпуляцыя меркаваннем. Я лічу, што гэта не тое, аб чым варта казаць, тым больш у судзе», – кажа Алена Лепешава, дацэнт філалагічнага факультэту БДУ.

Наступнае паседжанне адбудзецца 14-га студзеня. А на мінулым тыдні за аднаўленне ў ВНУ ў судах змагаліся студэнты БНТУ. Іх адлічылі за ўдзел у мірных акцыях супраць гвалту і справядлівыя выбары. За мінулыя месяцы па ўсёй краіне студэнты правялі дзясяткі мірных акцыяў. З розных ВНУ былі адлічаныя прыблізна трыста студэнтаў.

Ігар Станкевіч, belsat.eu