Студэнтаў склікаюць на парад за бонусы на вучобе


У раённай больніцы Вадзім Мядзведзеў з Буда-Кашалёва на Гомельшчыне прапрацаваў праграмістам 7 гадоў. У інтэрнаце для медработнікаў яго добра ведалі: спартовага складу маладзён рэгулярна ладзіў кросы з сабакам. Смерць 36-гадовага працаўніка медычнай установы без хранічных хваробаў мясцовыя звязваюць з каронавірусам.

«Маладзён выгульваў хаскі. Усе яго ведалі, ён дастаткова яскравы быў. Сказалі, нібыта памёр. Ці адключылі яго ад забеспячэння вентыляцыі лёгкіх», – кажа жыхар Буда-Кашалёва.

Паводле мясцовых, гэта не адзіны выпадак заражэння ў цэнтральнай раённай больніцы. Месяц таму адтуль шпіталізавалі загадчыцу тэрапеўтычнага аддзялення. Сцвярджаюць таксама пра заражэнне доктара ў буда-кашалёўскай паліклініцы. Усіх хворых накіроўваюць у Гомель.

Жыхары Буда-Кашалёва:

«Лічаць, што распаўсюднікам стала больніца. Што там адразу не заўважылі».

– З Буда-Кашалёва тут нібыта ўсё больш-менш спакойна, а вось Гомель – там сапраўды накрыла вельмі добра. Усё замоўчваецца, усё хаваецца.

– А адкуль вы ведаеце?

– Тэлебачанне часам гляджу.

COVID-19 па краіне выявілі і ў паўтысячы працаўнікоў МУС. Пра гэта распавёў міністр унутраных справаў Юрый Караеў. Найчасцей хвароба працякае амаль бессімптомна, 34 асобы цалкам вылекаваліся.

«Хтосьці ў шпіталі з тэмпературай да 38-мі, ёсць некалькі чалавек на ШВЛ, шмат каго з ШВЛ перавялі ўжо ў звычайную палату, усё як і казалі: маладыя пераносяць лягчэй. Мы па сваіх працаўніках бачым», – паведаміў Юрый Караеў, міністр унутраных справаў Беларусі.

Гэтаксама міністр пацвердзіў два выпадкі заражэння каронавірусам сярод вязняў. Мінімізаваць распаўсюд інфікавання, паводле яго, дазволілі адмысловыя захады. Персанал ізалятараў забяспечылі сродкамі індывідуальнай аховы, наладзілі дэзынфекцыю транспарту і памяшканняў, зняволеным замест спатканняў з роднымі зарганізавалі відэазванкі, дазволілі карыстацца тэлефонамі, але не толькі.

«Прадугледжаныя дадатковыя харчовыя перадачы вагою да 10 кг з гароднінай і садавіною, вітаміннымі комплексамі. Цыбуля, часнык – гэта вось неабмежавана», – распавёў міністр унутраных справаў Юрый Караеў.

Колькасць інфікаваных у Беларусі ўсцяж павялічваецца. За мінулыя содні дадаўся 861 новы выпадак. Аднак, зыходзячы з рапарту Міністэрства аховы здароўя, узнікае пытанне: як падлік стаўся магчымы без правядзення новых тэстаў?

Заклапочанасць ігнараваннем рэкамендацыяў спыніць масавыя імпрэзы выказала і Сусветная арганізацыя здароўя. Калі на прысутнасці ветэранаў на парадзе Аляксандр Лукашэнка сёлета не настойвае, то добраахвотнікаў, як сведчаць тэлеграм-каналы, цяпер шукаюць сярод студэнтаў. Ім нават абяцаюць закрыць адпрацоўкі за грамадскую дзейнасць і некаторыя прадметы.

Ці зацікавіць такі абмен студэнтаў? Жыхары інтэрнату БДМУ № 2 у Менску распавядаюць:

«У мяне 10 адпрацовак у выкладчыкаў, 10 – у загадчыцы. Калі яны мне паставяць гэтыя адпрацоўкі, то так, схаджу на парад».

– Хадзіць на нейкія там сходы, мерапрыемствы. Мы гэта ўсё робім, але, як правіла, не заўсёды хапае ў канцы года, аказваецца сюрпрыз, і трэба яшчэ штосьці рабіць. Я ўвогуле стараста секцыі, таму ў мінулым годзе, пазамінулым, мне закрывалі гэта, а цяпер я ўжо атрымліваю, таму я сачу за гэтым.

– Што, пойдзеце на парад?

– Я не ведаю.

«На парад у сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй неяк не хочацца ісці. Таму лепей так адпрацаваць».

У свеце на COVID-19 хварэюць больш за 3 мільёны 600 тысячаў чалавек. У лідарах застаюцца ЗША, Іспанія ды Італія. Штопраўда, цяпер італьянцы пасля амаль 8 тыдняў ізаляцыі насалоджваюцца наведаннем кавярняў і паркаў. Краіна ўступіла ў гэтак званую другую фазу – паступовага аднаўлення эканомікі, вытворчасці і сацыяльнага жыцця. У Еўразвязе ж зрабілі прагноз адкрыцця ўнутраных межаў: імаверна, з сярэдзіны траўня. А вось з Беларуссю межы застануцца закрытыя мінімум да чэрвеня.

Юлія Лабанава, «Белсат»