Страты заводаў выраслі ў два разы


Светлая будучыня вось-вось. І гэтак трэці дзясятак гадоў абяцанняў. Беларускі эканамічны цуд у дзеянні стаўся эканамічным правалам. Страты прадпрыемстваў за год выраслі амаль у два з паловай разы. Дзяржава ліхаманкава шукае інвестараў. Але не стварае належных умоваў дзеля іх прыходу. Кола замыкаецца і замяняецца ў кругі пекла айчынных прадпрыемстваў.

«Усё залежыць ад начальства. Як чалавек арганізаваў гэты бізнес – дзяржаўны, прыватны і паўпрыватны, – гэтак ён і будзе ісці. Ну, адсюль прычыны стратнасці. Нізкі ўзровень арганізацыі, нізкі ўзровень тэхналагічнай дысцыпліны і нізкі ўзровень выканаўчае дысцыпліны – як вынік усяго папярэдняга», – кажа эканаміст Міхась Залескі.

Дзяржава шукае фінансавага паратунку – і нават, падаецца, знайшла.

«Няма гаворкі пра вылучэнне істотных аб’ёмаў бюджэтнага фінансавання, накіраванні масавага дзяржпадтрымання на рэалізацыю плану індустрыялізацыі краіны. Рэалізаваць яго ў першую чаргу плануецца за кошт прыцягнення наўпроставых замежных інвестыцыяў», – заявіла крыніца belapan.by у фінансавых колах.

Гэта лагічны і добры крок у сучасным эканамічным свеце. Аднак у беларускіх рэаліях пачынаюцца перашкоды.

Для прыцягнення інвестара даходнасць прадпрыемства павінна быць не меншай за 10–15 % гадавых, праект мусіць рэалізоўвацца паводле арганізацыйна-прававой базы, інвестар мусіць мець магчымасць кантролю над прадпрыемствам, а інфармацыя аб праекце мае быць для яго яснай і цікавай.

Як пакуль, усяго гэтага ў нашай краіне няма. А таму ёсць праблемы і з інвеставаннем у новае, і з ужо дзейнымі прадпрыемствамі, якія цярпяць страты. Прычыны – як вонкавыя, гэтак і ўнутраныя.

«У залежнасці ад таго, наколькі ўзровень арганізацыі высокі, наколькі ўзровень тэхналагічнай дысцыпліны высокі, наколькі людзі зацікаўленыя ў паляпшэнні жыцця сваіх падначаленых і самых сябе, настолькі яно хораша і ідзе», – тлумачыць эканаміст Міхась Залескі.

Незалежныя эканамісты хорам і гадамі кажуць пра неабходнасць рэформаў і ліквідацыі стратных прадпрыемстваў. І гэта – толькі маючы на ўвазе афіцыйныя статыстычныя звесткі. А яшчэ ёсць шэраг прадпрыемстваў, якія працуюць у плюс, але іх рэнтабельнасць ніжэйшая за пяць адсоткаў.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»