Страшная аварыя без адзінай ахвяры. Рэканструкцыя ДТЗ у Магілёве


Маштабную рэканструкцыю аўтамабільнай аварыі зладзілі ў Магілёве. Паводле легенды, «SEAT IBICA» парушыў Правілы дарожнага руху і ўрэзаўся ў бок мікрааўтобуса, апошні перакуліўся. Гэтую парачку не змог аб’ехаць кіроўца «Газелі». Легкавік аказаўся зажаты з абодвух бакоў.

Адзін з арганізатараў Дня памяці ахвяраў ДТЗ у Магілёве Ілля Палоннікаў патлумачыў, што раней праводзілі аўтазабегі і ўскладанне кветак, а сёлета вырашылі адыйсці ад звычайнага фармату:

«Паказаць людзям, як узаемадзейнічаюць усе экстранныя службы гораду. Пачынаючы ад прыезду ДАІ і заканчваючы расцягам на эвакуатар. Там па легендзе два пацярпелыя, якіх трэба хутка вызваліць і перадаць лекарам хуткай дапамогі».

Глядзіце ў поўным выданні «Аб’ектыву»:

Згодна з інфармацыяй ДАІ, летась і ў гэтым годзе самаю частаю прычынаю ДТЗ было парушэнне правілаў праезду пешаходных пераходаў. Большасць жа аварыяў са смяротным вынікам здараецца праз перавышэнне хуткасці ды выезд на сустрэчную паласу.Пры гэтым фіксуецца змяншэнне колькасці здарэнняў праз віну нецвярозых кіроўцаў. Што значыць сесці ў машыну нападпітку, адчуў магілёвец Аляксандр Аўдзеенка ў 2013 годзе ў пятніцу трынаццатага:

«З сябрам ехалі п’яныя на аўтамабілі, ён не справіўся з кіраваннем і трапіў у светлавую апору. Хуткасць немаленькая была», – узгадвае Аляксандр Аўдзеенка.

Ад удару слуп упаў, а кіроўца вылецеў праз лабавое шкло і атрымаў пералом носу. Для Аляксандра наступствы аварыі былі больш сур’ёзныя:

«У мяне было дзве нагі зламаныя і чэрапна-мазгавая траўма, ці як яго, – страсенне. Я доўгі час у шпіталі быў з пераломамі, цяпер усё нармальна, здаецца».

Аляксей Паўленка працуе ў экстраннай службе 7-24-7. На эвакуатары ён забірае машыны, якія трапілі ў дарожныя здарэнні, – па ўсёй Беларусі. На думку Аляксея, зменшыць колькасць аварый можна, калі выконваць простыя правілы бяспекі:

«Пешаходам, натуральна, флікеры. Абазначаць сябе, асабліва ў начны час. Аўтамабілістам – захоўваць хуткасны рэжым, звяртаць увагу на дарожныя знакі», – кажа Аляксей Паўленка.

Каб хутка зрэагаваць у экстранным выпадку, трэба трымаць дзве рэчы: увагу і рукі на стырне ў становішчы «10 гадзінаў 10 хвілінаў». Базавы ўрок контраварыйнай язды дае Ілля Палоннікаў:

«Усаджваюся зручна за рулём, каб рукі ў цябе былі вось у такім становішчы, а не вось так, як ездзяць некаторыя. Пры ўзнікненні перашкоды з адной рукі машына хутка губляе кіраванне. г. зн. дзве рукі заўсёды павінны быць на рулі, і не перавышаць хуткаснага рэжыму».

Калі для аднаго ўдзельніка дарожнае здарэнне – гэта парушэнне правілаў, то для другога – злы рок. Беражыце жыццё: сваё і ні ў чым не вінаватых людзей.

Вольга Васільева belsat.eu