Страйкоўцаў усё болей: як выглядае сітуацыя на дзяржпрадпрыемствах цяпер?

Сёння да стачкі далучыўся працаўнік «Бяроз-будматэрыялаў» Алег Скрабец. Учора – работнік прадпрыемства «Віцебскія дываны» Валянцін Цяліцын. Амаль кожны дзень мы бачым усё новыя заявы завадчан пра абвяшчэнне страйку.

«З-за прававога дэфолту і беззаконня, працяглага гвалту над мірнымі грамадзянамі, лічу немагчымым выкананне сваіх працоўных абавязкаў і далучаюся да стачкі», – зачытвае сваю заяву Вячаслаў Цяліцын, які ад учора пачаў страйк.

«На працу хадзіў і заўсёды думаў: навошта я іду на працу, каму я плачу падаткі? Заўсёды задумваўся над гэтым. А апошняй кропляй майго цярпення была заява нашага супрацоўніка, вядомай нашай службы, амапаўца, які сказаў:

«Ідзіце на працу – вы наш корм». Вось гэтая фраза не выходзіла з маёй галавы».

Нашага героя яшчэ не звольнілі, але страйкоўцаў часцяком пазбаўляюць працы. Гэтак, сёння праходзілі судовыя паседжанні аб звальненні работнікаў МЗКЦ. Паўторнае слуханне на 8-га снежня прызначылі Руслану Роўбу, які працаваў на заводзе 5 гадоў. Мужчыну звольнілі за 35-хвілінную адсутнасць у кабінеце, хоць спецыфіка працы гэта дазваляе. Заўтра ў справе звальнення работнікаў МЗКЦ адбудуцца яшчэ два паседжанні: супраць Сяргея Роўбы і Андрэя Янковіча. Ці ўдзельнічалі мужчыны ў пратэстах, невядома.

Цяпер, паводле кампаніі «Сумленныя людзі», амаль 7 тысяч працаўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў падтрымліваюць ідэю забастоўкі, але далёка не ўсе з іх далучыліся да страйку. На «Беларуськаліі» страйкуе толькі 101 рабочы з сямнаццаці тысячаў. Але забастовачны камітэт заводу заяўляе, што страйкуюць найлепшыя. І калі сыдуць 500 такіх работнікаў, то гэтага будзе дастаткова, каб прадпрыемства спыніла працу.

«Як, напрыклад, на «Горадня Азот» ёсць ключавыя цэхі, ключавыя людзі, якія працуюць у тэхналагічным ланцугу. Калі іх няма, то фактычна кіраўніцтва заводу будзе вымушанае спыняць гэты цэх. Натуральна, што гэта пакуль што выглядае звонку, быццам нічога не адбываецца», – распавядае намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч.

Адно з найчасцейшых патрабаванняў завадчанаў – спыненне ґвалту з боку сілавікоў. Вячаслаў Цяліцын пацярпеў пасля затрымання 11 жніўня ў Менску. Мужчыну збілі амапаўцы, а пасля ён двое содняў заставаўся за кратамі.

«Ногі, ягадзіцы, спіна. Нос не зламаны быў, але перабіты добра, крыві было шмат. У працэсе збіцця яны смяяліся. Было такое пачуццё, што яны пад нейкім наркатычным ап’яненнем. То бок яны гэта рабілі з нейкім незразумелым задавальненнем».

Вячаслаў падаваў заяву ў Следчы камітэт, але справы не распачалі, як і ў выпадку тысячы іншых катаваных сілавікамі.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»

Глядзі таксама