«Ставіліся як да быдла, збівалі, не кармілі». Праваабаронцы падвялі вынікі парушэнняў правоў адміністратыўна затрыманых у 2020 годзе


У Беларусі пастаянна парушаюць правы адміністратыўна затрыманых. Пра гэта сведчыць справаздача праваабаронцаў за мінулы год, заснаваная на апытанні паўтысячы чалавек, якіх утрымлівалі ў ізалятарах і месцах адміністратыўнага арышту.

Ставіліся як да быдла, збівалі, не кармілі шмат часу і нават содняў, адмаўлялі ў медычнай дапамозе. Такая сітуацыя назіралася ў 41-ым ізалятары 35-ці гарадоў Беларусі. Праваабаронцы падвялі сумныя вынікі беспрэцэдэнтных парушэнняў правоў адміністратыўна затрыманых у мінулым годзе. Амаль дзевяноста адсоткаў зняволеных упершыню трапілі за краты.

«Была яшчэ страшная лічба. Чвэрць з тых, хто прайшоў праз месцы адміністратыўнага ўтрымання і арышту, пасля выхаду з ізалятараў скардзіліся альбо на тое, што атрымалі вірусную інфекцыю, альбо на тое, што ім дыягнаставалі ковід», – адзначае Павел Сапелка з праваабарончага цэнтру «Вясна».

У такіх умовах аказаліся больш за 33 тысячы асобаў, якіх затрымалі ў часе мірных пратэстаў. Паводле Канвенцыі ААН супраць катаванняў, якую падпісала і Беларусь, такое жорсткае абыходжанне прыроўненае да катаванняў. Ніякай афіцыйнай статыстыкі пра пацярпелых за час мірных пратэстаў няма. Таму праваабаронцы скіравалі ў ААН больш за 80 пытанняў пра сітуацыю ў Беларусі. Іх Камітэт супраць катаванняў ААН мусіць задаць задаць уладам Беларусі.

«Важна атрымаць статыстычную інфармацыю, бо ніхто, акрамя дзяржавы, не валодае агульнаю карцінаю, што адбывалася, якія захады рабіліся, колькасць скіраваных заяваў, колькасць узбуджаных крымінальных справаў альбо іх адсутнасць», – падкрэслівае намеснік старшыні Беларускага Хельсінкскага Камітэту Зміцер Чарных.

Тым часам адміністрацыя жодзінскай турмы спыніла прыём перадачаў для адміністратыўна затрыманых. Тры тыдні не прымаюць перадачаў і ў ізалятары на Акрэсціна. Такое стаўленне да зняволеных – парушэнне правоў нават паводле нацыянальнага заканадаўства.

Ігар Станкевіч, «Белсат»