Статыстыка Нацбанку: беларусы нарошчваюць уклады


Нацыянальны Банк апублікаваў статыстыку, згодна з якой дэпазіты насельніцтва Беларусі за апошнія месяцы выраслі. Пры тым, як рублёвыя, гэтак і валютныя. Можа не так усё і дрэнна ў беларусаў з грашыма? Адказ на пытанне шукаў Вітаўт Сіўчык.

Стабільны курс рубля, і, як вынік, першыя парасткі даверу да айчыннай валюты. На сталічных вуліцах не складана знайсці тых, хто трымае свае ашчаджэнні ў банкавых дэпазітах.

«Ляжаць у мяне грошы ў беларускіх рублях. І трошкі долараў паклаў».

«Судзячы з сітуацыі, якая цяпер, курс больш-менш стабільны, мо і паспрабуем».

«Не, у мяне няма дэпазіту. Я, шчыра кажучы, не надта давяраю».

«Навошта трымаць грошы ў хаце ў панчосе, калі можна пакласці ў банк?», – дзеляцца сваймі меркаваннямі жыхары Менску.

Аб’ём рублёвых укладаў расце пяты месяц запар, а ў замежнай валюце, пасля істотнага падзення, – трэці месяц запар. І эксперты бачаць прычыну: рэзкі скачок заробку ў снежні.

«Магчыма, вось гэтая частка даходаў перацякла на дэпазіты. Назваць гэта нейкім трэндам, напэўна, пакуль што зарана», – кажа фінансавы аналітык Міхаіл Грачоў, і дадае – пасля выплаты пераднавагодніх прэміяў заробкі зноў упалі ніжэй за славутыя 500 долараў.

Ёсць яшчэ адна неаптымістычная акалічнасць.

Як сведчыць статыстыка Нацыянальнага банку і як мы распавядалі раней, валюты ў абменнікі здаём усё менш і менш, купляем – яшчэ менш. Але вось банкаўскіх дэпазітаў, што ў доларах, што ў рублях – более. Як гэтак атрымоўваецца?

Але ніякай супярэчнасці тут няма. Персанальная статыстыка на гэты конт адсутнічае, тым не менш…

«Людзі, якія трымаюць дэпазіты ў банках, і людзі, каторыя разменьваюць долары для падтрымання портак, – напэўна, гэта розныя катэгорыі людзей», – канстатуе старэйшы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб.

Адзначаюць эксперты і яшчэ момант. Дэпазіты – гэта нярэдка адзіная вядомая людзям форма для ашчаджэння фінансаў. І тут не столькі справа ў адсутнасці фінансавай пісьменнасці, колькі ў дрэнным інвестыцыйным клімаце.

«Павінна быць недатыкальнасць прыватнае ўласнасці, павінныя быць незалежныя суды, якія гатовыя абараняць гэтую недатыкальнасць і гэтак далей», – працягвае старэйшы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб.

А пакуль гэтага няма, у Беларусі не будзе буму на такія ашчаджэнні, як акцыі ці аблігацыі. Але гэта ўжо рэчы, якія выходзяць па-за межы эканамічных пытанняў.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Фота: Ірына Арахоўская

Аб’ектыў
Беларусы прадаюць больш валюты, чым набываюць
2019.03.11 21:40