Стацца праграмістам, гуляючы ў «MINECRAFT»


Адукацыя праз гульні тэма не новая. У віртуальным свеце існуе безліч разнастайных магчымасцяў атрымання ведаў менавіта гэткім чынам. Аднак адукацыйны цэнтр Парку высокіх тэхналогіяў у Менску прапаноўвае дзеткам уласную ўнікальную праграму навучання праграмістаў. З адмысловым візітам у IT-Academy ПВТ завітаў Кірыл Смяглікаў.

У адукацыйным цэнтры Парку высокіх тэхналогіяў усё як мае быць: аўдыторыі, кабінеты ды студэнты розных узростаў. Толькі ў класе для самых маленькіх… ідзе незвычайная гульня.

«Вось у мяне дах з поўсці, усё са шкла, трэба яшчэ ўладкаваць дом знутры, скрыні расставіць з дапамогаю агента ды ўсё такое», – кажа Аліса, наведніца трохгадовага курсу па адукацыйным «Minecraft».

Гэта гульня з адкрытым светам, дзе творчыя ды будаўнічыя аспекты дазваляюць ствараць дамы, шахты, інструменты ды выконваць розныя заданні. Настаўніца кажа, што на пачатку для разумення гэткага незвычайнага свету давялося самой вучыцца… у прасунутых у пяцікласнікаў.

«Якія мне падказалі і расказалі пра тое, што мы вам даем дамашнюю працу, вы ў свеце выжывання і вашая мэта здабыць пясок, дом, зрабіць шкло – і ўсё гэта заходу сонца» – распавядае Алёна Слінко, настаўніца «MINECRAFT: EDUCATION EDITION».

Калі асвоіліся са светам, стварылі ўнікальны адукацыйны курс. Падобных поўных прапановаў няма нават у англійскамоўным сеціве, а плён ад уласнай распрацоўкі заўважылі амаль адразу.

«На трэціх занятках дзеці вывучаюць у нас іксы, ігрэкі, у іх няма праблемаў з разуменнем, што такое піксель, а на 4 занятку ўжо свабодна апелююць трохвымернаю сістэмай каардынатаў», – тлумачыць Алёна Слінко, настаўніца «MINECRAFT: EDUCATION EDITION».

Вядома, у настаўнікаў былі пытанні, кшталту як аб’яднаць гульню з рэальнымі задачамі па праграмаванні? Толькі служба падтрымання «Майнкрафту» упарта маўчала.

«Была праблема, як жа цяпер усё зрэалізаваць у адным курсе і злучыць адное з адным, на жаль, адказу не было, таму давялося прыцягваць нашых настаўнікаў, якія выкладаюць у дарослай акадэміі», – кажа Ірына Васільева, намесніца дырэктара ў навучальнай працы.

У выніку атрымалася, што ўжо на трэцім курсе праз гульню дзеткі змогуць свабодна разумець усе неабходныя тэрміны для праграмавання на «Python» – мове, якая цяпер адная з самых запатрабаваных у свеце. Наведнік курсаў Яраслаў расказвае:

«Я раней хадзіў на графіку і алгарытмы, цяпер хаджу на «Майнкрафт». На графіку хадзіў, бо хацеў быць аніматарам, а цяпер хачу быць праграмістам».

Намесніца дырэктара ў навучальнай працы Ірына Васільева дадае:

«Узімку будзем ладзіць такі першы наш мініхакатон сярод сярод удзельнікаў малой акадэміі, якія займаюцца «Майнкрафтам» і стварэннем светаў і модаў».

А ўжо ўвесну нават маюць план правесці ўсебеларускі чэмпіянат па адукацыйным «Майнкрафце»!

Кірыл Смяглікаў, belsat.eu