Статкевіч: паўгода да аб'яднання з Расеяй


Ужо бліжэйшым часам беларусы – мірныя людзі рызыкуем заснуць у ціхай спакойнай Беларусі, а прачнуцца ва ўдушлівых абдымках Расеі. Пра такую небяспеку папярэдзіў суайчыннікаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» былы кандыдат на прэзідэнцтва Мікола Статкевіч:

«Шматгадовыя падрыхтоўчыя высілкі Крамля ў паглынанні Беларусі блізкія да вырашальнага этапу. Працэс інкарпарацыі нашай краіны плануюць зрабіць незваротным цягам бліжэйшага паўгоддзя».

Гэткую спешку палітык тлумачыць тым, што беларусы могуць зрынуць кіраўніка краіны, якому ўжо неўзабаве давядзецца сутыкнуцца з масавымі пратэстамі ў Беларусі.

Што праўда, шматтысячныя пратэсты ў нашай краіне ўжо былі, а ўлада не толькі не пахіснулася, а нават пасля кожнага з іх узмацнялася. Таму, як мяркуюць эксперты, рэвалюцыйнай сітуацыі акурат цяпер у Беларусі няма. Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Хай народ жыве не вельмі багата, але апошнім часам і даходы павысіліся. Не галадаюць людзі, няма такой адчайнай сітуацыі, каб выйсці на вуліцы».

Калі не гэта, то, як кажа Статкевіч, добраю для Крамля будзе і іншая нагода для разгортвання на нашай тэрыторыі расейскага вайсковага кантынгенту, а менавіта анансаванае размяшчэнне амерыканскай дывізіі ў Польшчы. Каб так не сталася, Мікола Статкевіч перадаў у амбасады Польшчы і ЗША канкрэтныя прапановы:

«Я прапаную не зусім адмаўляцца ад вайсковай амерыканскай ваеннай базы, а проста сказаць, што гэтая база з’явіцца толькі ў адказ на расейскія дзеянні ў Беларусі. І тады з фактару пагрозы для Беларусі, з фактару, які правакуе эскалацыю, гэтая база стане фактарам стрымлівання».

Аднак у Польшчы ёсць істотныя прычыны не толькі размясціць гэтую базу, але і іншыя дывізіі. Сяргей Пеляса, рэдактар праграмы «Прасвет»:

«На дадзены момант Расейская Федэрацыя ў нашым рэгіёне мае вялізную перавагу ў вайсковай сіле ў параўнанні з Паўночнаатлантычным альянсам (NATO). І з’яўленне яшчэ адной дывізіі амерыканскай у Польшчы не тое што зменіць гэты баланс, бо перавага ўсё адно застанецца на баку Расеі, але крыху ўзмацніць сілы Польшчы і заходніх саюзнікаў».

Калі ж польскія і амерыканскія палітыкі не прыслухаюцца да прапановаў Міколы Статкевіча і рэалізуецца сцэнар Крамля, то Мікола Статкевіч ад словаў у «Фэйсбуку» і лістах абяцае перайсці да справаў. Мікола Статкевіч:

«Як мужчына, як патрыёт Беларусі ў выпадку пагрозы незалежнасці я гатовы бараніць сваю краіну са зброяй у руках, і я буду заклікаць да гэтага іншых патрыётаў».

Беларусы любяць сваю краіну, але ці разумеюць небяспеку для яе і ці гатовыя яе бараніць са зброяй у руках ад старэйшага брата?

«Што мы можам зрабіць? Нічога мы не зробім».

«Ні халодна ні горача, што мы будзем там, што тут».

«Яны па-іншаму не змогуць нічога зрабіць, нічога супрацьпаставіць. Тым больш яны самі ўсведамляюць, што яны – частка Расеі. І пакорна схіляць галаву і пойдуць рабіць, як ім сказалі».

Расея хоча калі не паглынуць Беларусь, то прынамсі трымаць пад каўпаком, мяркуе Аляксандр Класкоўскі:

«Каб трошкі паставіць хаўрусніка на месца, Крэмль робіць такія-сякія захады – і эканамічныя вагары выкарыстоўвае, псіхалагічны ціск, нават элементы інфармацыйнай вайны. Але няма такога ўражання, што вось паўгода – і трэба ўзяць Беларусь у свае рукі канчаткова. Тым больш што і беларускае кіраўніцтва голымі рукамі не возьмеш».

Ці выкарыстае беларускі бок «адтэрміноўванне» на сваю карысць або ў гадзіну Х здасца без бою? Паводле экспертаў, калі і не ў бліжэйшае паўгоддзе, то пры існых мэтанакіраваных кроках пагроза з боку Крамля выглядае ўсё больш рэальнаю.

Вольга Старасціна, belsat.eu

Фота: REUTERS / Vasily Fedosenko / FORUM