Статкевіч на свабодзе: новы план пратэстаў


Пратэсты варта працягваць, толькі змяніўшы іхны фармат. Пра гэта заявіў Мікола Статкевіч падчас сустрэчы з журналістамі. Палітыка з пятніцы трымалі ў следчым ізалятары. Яму інкрымінуюць «падрыхтоўку масавых беспарадкаў».

Што адбылося?

Апазіцыйны лідар распавёў, дзе правёў апошнія дні. Напярэдадні Дня Волі палітыка затрымалі людзі ў масках.

«Спусцілі ўніз, машына лексус белага колеру, апранулі на вочы шапку і адвезлі ў турму КДБ», – узгадвае палітык.

У турме палітык прабыў два з паловаю дні, а сёння зранку яго вывезлі ў паселішча Сокал пад Менскам і адпусцілі. Пры гэтым жонцы Статкевіча, Марыне Адамовіч, усе гэтыя дні адказвалі, што ані ў КДБ, ані ў МУС не ведаюць, куды знік палітык.

«Першы раз у жыцці я рэальна адчувала жах і паніку – не ведала дзе ён, толькі 1 чалавека, які мог з ім камунікавацца», – дзеліцца спадарыня Адамовіч.

Статкевіча падазраюць у рыхтаванні масавых закалотаў

«Разам з групаю нявызначаных асобаў», па версіі следства, апазіцыйны лідар планаваў здзейсніць крымінальнае злачынства. Прычым, паводле версіі КДБ, рыхтавацца палітык пачаў яшчэ ў 2011 годзе, калі быў за кратамі. Паводле гэтага ж 293-га артыкулу Крымінальнага кодэксу вінавацяць і ўдзельнікаў самаліквідаванай 17 гадоў таму арганізацыі «Белы легіён», якіх у дзяржаўных медыях назвалі баевікамі ды правакатарамі.

Пра свой цяперашні статус палітык нічога не ведае

Копію пастановы аб завядзенні крымінальнай справы ў яго забралі. На думку публіцыста Андрэя Пачобута, Статкевіча выкралі, каб дыскрэдытаваць яго як палітыка – быццам ён сам не прыйшоў на акцыю 25-га Сакавіка, на якую заклікаў.

«У дачыненні да Статкевіча быў абраны такі сцэнар каб з аднаго боку не падліць бензіну да агню незадавальнення, таму лідар быў фактычна скрадзены, і ўлады цяпер не прызналі што яны яго арыштавалі», – мяркуе Андрэй Пачобут.

«Мы пераходзім ад рэжыму сацыяльнага кантракту – лаяльнасць за дабрабыт ці лаяльнасць за бяспеку мы пераходзім да акупацыі краіны гэтым рэжымам – гэта антынародны рэжым», – заявіў Мікола Статкевіч.

Нягледзячы на масавыя затрыманні ды агрэсіўныя дзеянні ўладаў Статкевіч заклікае не спыняць пратэстаў, а выходзіць на мірныя акцыі 1-га траўня і на Дзень Перамогі, каб, цытата, «ускласці кветкі разам з ветэранамі ў спадзяванні, што Беларусь зноў будзе вызваленая».

Настасся Храловіч, «Белсат», фота: БелаПАН