Статкевіч ідзе на выбары без новай стратэгіі перамогі


Дакладная дата будучых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў у Беларусі пакуль не вядомая. Тым не менш пра свае амбіцыі ўжо заявілі некаторыя палітыкі. Падцверджанне ўдзелу ў барацьбе за кіраўніцтва краінай прагучала падчас прэсавай канферэнцыі ў Варшаве, прысвечанай сітуацыі ў Беларусі, пагрозе расейскай акупацыі і стратэгіі перамогі апазіцыі.

Варшава, алеі Уяздоўске. У адным з будынкаў тут знаходзіцца Press Club Polski. І тут сабралі прэс-канферэнцыю кандыдаты на прэзідэнта Беларусі 2010 года. Кожны з іх не толькі ўдзельнічаў у выбарах, але і быў палітвязнем за арганізацыю пратэстаў супраць падробкі галасоў.

Паэт і пісьменнік Уладзімір Някляеў, стваральнік Беларускага згуртавання вайскоўцаў Мікола Статкевіч і былы віцэ-міністр замежных справаў Андрэй Саннікаў апошні раз дзейнічалі і выступалі разам у 2010-м. Пасля разгону пратэстаў на плошчы Незалежнасці і судовых працэсаў іх палітычныя шляхі разышліся. Але цяпер, кажуць, прыйшоў час аб’яднацца.

«Калі ты займаешся палітыкай, і ў цябе мэта, звязаная з лёсам краіны, ты мусіш пераступіць праз асабістае», – заявіў Уладзімір Някляеў.

«Нас чакаюць драматычныя перамены. Найперш таму, што беларускі рэжым вычарпаў свой патэнцыял», – папярэджвае Мікола Статкевіч.

Як лічыць Мікола Статкевіч, улада Аляксандра Лукашэнкі сёння мае найменшую падтрымку насельніцтва ў сваёй гісторыі, і найменшую дапамогу з боку Масквы. Усе выступоўцы згодныя, што Расея бліжэйшым часам паспрабуе цалкам узяць Беларусь пад свой кантроль, і дзейны кіраўнік краіны не гарантуе незалежнасці, а наадварот, дапамагае паўзучай інкарпарацыі.

«Як можна называць гандаль за падтрымку рэжыму ў Маскве і Сочы абаронай незалежнасці? Гэта гандаль, які дае дывідэнды толькі крымінальнікам ва ўладзе», – сцвярджае Андрэй Саннікаў.

Таму цяпер Някляеў і Саннікаў падтрымліваюць Міколу Статкевіча, як будучага кандыдата ў прэзідэнты, і заклікаюць усе патрыятычныя сілы далучацца да ўратавання Беларусі: і апазіцыю, і простых людзей, і нават дзяржаўных службоўцаў, якія супраць прыходу Расеі. Але Статкевіч прызнаў, што не мае ніякай новай стратэгіі перамогі на выбарах. Толькі актывізацыя прыхільнікаў і масавыя пратэсты супраць фальшывых галасоў. Усё як у 2010-м годзе.

«Значыць, тады не прыйшоў час. Мабыць, вы ведаеце сусветны досвед: калі пратэставаць выходзіць 3% насельніцтва, не ўтрымаецца ніводная ўлада», – так Статкевіч абгрунтоўвае будучую перамогу тымі ж метадамі, што не прывялі да перамогі ў 2010-м.

Без сапраўднай стратэгіі перамогі не дапамогуць ні 3 %, ні 5 % насельніцтва на масавых пратэстах, папярэджвае доктар палітычных навук Павел Усаў. У Беларусі цяпер

няма ўмоваў для дэмакратычнай перамогі на выбарах, няма ўмоваў для рэвалюцыйнай сітуацыі і няма структураў для скаардынаванай барацьбы.

«Сістэма кантралюе ўсю палітычную прастору, і працэс выбараў, і актыўнасць грамадзянаў, і ўлады зрабілі высновы пасля падзеяў 2010 года і нават пасля акцыяў «дармаедаў» 2017, і на самым пачатку будуць паралізаваць і нават знішчаць усе пагрозы», – папярэджвае Усаў.

Мікола Статкевіч, як і 9 гадоў таму, у перыяд так званай «лібералізацыі», лічыць, што рэжым Лукашэнкі не будзе саджаць палітычных апанентаў у турму, каб не сапсаваць стасункі з Захадам. Сваю ранейшую судзімасць Статкевіч называе антыканстытуцыйнай, а значыць, яна не будзе перашкодай зарэгістравацца, як кандыдату.

«У прынцыпе, улады маюць свой інтарэс у такой рэгістрацыі Статкевіча, бо ім патрэбна стварыць умовы, пры якіх беларусы пойдуць галасаваць. Каб стварыць яўку», – кажа Павел Усаў.

І патрэбную карціну выбараў можа дапамагчы стварыць вялікі спектр кандыдатаў: ад радыкалаў да прыхільнікаў дыялогу і добрых зменаў.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu