Статак быкоў і кароў тэрарызуе вёску пад Маладзечна


Безгаспадарны статак быкоў і кароў ужо другі год тэрарызуе вёску Цівідаўка ў Маладзечанскім раёне. Жыхары Цівідаўкі расказваюць:

«Мы ішлі на гэтым павароце і ўбачылі ўдалечыні быкоў, як яны ідуць нам насустрач. Мы спалохаліся і трошкі адбеглі туды, прыселі, каб яны нас не заўважылі. Яны пачалі бегаць, біцца, злосна рыкаць. Юля спалохалася і заплакала, я пачала яе супакойваць».

«А дзеці, а жанчыны? Ну вось мая жонка. Яна раніцай ідзе на працу. Устане гэта статак пасярэдзіне дарогі, і як ёй? Па полі ісці?»

«Ішлі быкі з каровамі і сталі біцца. Атрымалася бойка, мы спыніліся, яны бʼюцца».

Паводле пятага артыкулу «Закону аб асабістых падсобных гаспадарках» грамадзяне абавязаныя захоўваць зоагігіенічныя нормы і ветэрынарныя правілы ўтрымання жывёлы. Гаспадыня ў быкоў ёсць, але пагаварыць з ёй няпроста: жанчына не адчыняе дзвярэй ня толькі журналістам, але нават міліцыянтам, якія прыязджаюць па заявах пацярпелых ад жывёлінаў. Суседзі гаспадыні расказваюць:

«Яна так зʼяўляецца, але вельмі рэдка. Іх так сустрэць, так і не сустрэнеш».

– А што гэта за сямʼя, чаму яны не адчыняюць ні міліцыі, нікому, не ведаеце?

– Што яны робяць?

– Квасяць.

Бадай, найбольш ад бадзяжных быкоў пацярпела сямʼя Чарняўскіх. Гэтую алею Настасся і Юрый высадзілі нядаўна другі раз. Сёння цэлых дрэваў тут засталося няшмат – вытапталі быкі. За два гады вольнага выпасу статак сапсаваў не толькі дрэвы. Настасся Чарняўская, жыхарка Цівідаўкі, кажа:

«Гэтыя каровы і быкі сталі прыходзіць у двор. Яны заходзяць з таго боку поля, ламаюць там пад плотам і заходзяць у двор, бо ў нас у двары ляжала шмат сена».

У статку каля дзесяці кароваў і быкоў. Падчас нашага прыезду яны адышліся ў поле. Настасся кажа, што рэгулярна адганяе іх далей ад хаты, але быкі могуць рэагаваць агрэсіўна.

«Вось гэта пераламалі, тут таксама мы загароджвалі, вось гэта… Потым скачуць, яны скачуць, як коні».

Старшыня Цюрлёўскага сельсавету, да якога належыць Цівідаўка, аб праблеме ведае, але адказаць на пытанне, чаму два гады статак быкоў гуляе па вёсцы, адмовіўся. У райвыканкаме Маладзечна паабяцалі, што разбяруцца з сітуацыяй цягам тыдня. Мінуў тыдзень, тэлефануем. Валянціна Даўбенка з аддзела ідэалогіі Маладзечанскага райвыканкаму абаяцае ператэлефанаваць:

– Ну вось я зараз даведаюся і вам ператэлефаную.

– Сёння вы мне ператэлефануеце?

– Я паспрабую цягам паўгадзіны вам ператэлефанаваць.

Аднак ніхто не ператэлефанаваў. Быкі ж да гэтага часу свабодна гуляюць па вёсцы, палохаючы мясцовых жыхароў.

Алена Дубовік, «Белсат»