Стары ліхтаршчык і новы трубач. Гісторыкі Берасця супраць навінкі


Цяпер можна не мець гадзіннікаў і сотавых тэлефонаў. Пра тое, што ўжо поўдзень, у Берасці абвяшчае трубач. Чаму абвяшчаць полудзень будуць не ў цэнтры гораду?

Ліхтаршчыку ў Берасці ўжо больш за 10 гадоў. Цяпер да яго ў якасці новай гарадской традыцыі далучыўся трубач. Анансавалі яго з’яўленне яшчэ напярэдадні 1000-годдзя гораду, але рэалізавалі толькі цяпер.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

З гукам адмыслова зробленай трубы і пры назіранні двух дзясяткаў гледачоў стартавала новая традыцыя ў Берасці. З судзейскай вежы Вяслярнага каналу трубач будзе абвяшчаць палудзень штодня пры любым надвор’і, абяцаюць заснавальнікі праекту.

«Гэта наша спроба рэанімацыі легенды пра берасцейскага трубача, які абвяшчаў тое, што ў горадзе ўсё спакойна і надышло 12 гадзінаў», – кажа сузаснавальнік праекту Аляксандр Скіндзер.

Ініцыятыва адразу ж атрымала шэраг заўваг ад гісторыкаў і краязнаўцаў, пачынаючы ад крытыкі касцюмаў ды музычнага інструменту і да неадпаведнасці самой ідэі, якую мае ўвасабляць постаць трубача – незалежнасці ды самакіравання гораду.

«Мы не маем тых правоў, якія мелі нашыя продкі і якія прымалі рашэнне пра гэтага трубача, якія фінансавалі гэтага трубача. Мы тых правоў не маем. Мы не выбіраем мэра, не выбіраем гарадскую раду, не ўдзельнічаем у прыняцці рашэнняў, важных для нашага гораду», – тлумачыць Ірына Лаўроўская.

Спрэчнае, паводле адмыслоўцаў, і месца, абранае для абвяшчэння поўдня: судзейская вежа Вяслярнага каналу размешчаная ўдалечыні ад шляхоў, дзе найчасцей перамяшчаюцца турысты, ад Берасцейскай крэпасці ды сучаснага цэнтру, пешаходнай вуліцы Савецкай.

«Так, гэта не цэнтр, але гэта шосты паверх, гэта больш гучны гук, і нас тут прытулілі, іншага месца ў нас пакуль што няма», – кажа Аляксандр Скіндзер.

Жыхары Берасця ініцыятыву падтрымліваюць, а вось меркаванні наконт лакалізацыі трубача падзяліліся:

«Мы ўжо прызвычаіліся, у нас шмат мерапрыемстваў было на Вяслярным канале, туды добры доступ, з усіх раёнаў гораду можна дабрацца».

«Напэўна, лепш было б у цэнтры, больш турыстаў, на Вяслярны мала хто прыязджае з турыстаў, асабліва летам».

Ірына Лаўроўская лічыць, што ініцыятарам новых праектаў варта часцей раіцца з гісторыкамі, тады наваствораныя традыцыі зробяць большае ўражанне на турыстаў:

«Чаму не. Няхай трубіць, але звязваць гэта трэба менавіта з Мухаўцом, з вадою, з тым, што там ёсць, пашукаць, пагаварыць з гісторыкамі, падумаць, як патлумачыць».

Тэма 1000-годдзя Берасця, на думку мастацтвазнаўцы, цяпер актыўна эксплуатуецца ў горадзе, але праблемы захавання тысячагадовай гісторыі пры гэтым ніяк не развязваюцца.

Ірына Дарафейчук belsat.eu