Аб'ектыў 14.12.2019 «Стартап года» прайшоў у пяты раз. Глядзіце, навошта патрэбная гэтая канферэнцыя


Як збіраць грошы ў інтэрнэце, лічыць рост прыбыткаў і нават дапамагаць пры здаванні медычных аналізаў? На гэтыя ды іншыя пытанні адказы ведаюць аўтары адмысловых стартапаў. Свае ідэі яны прэзентавалі сёння ў Менску на канферэнцыі «Стартап года».

Адзін з трэндаў стартап-руху Беларусі – праекты, якія спалучаюць медыцыну і тэхналогіі. Гэтак, сэрвіс «LabMap» дапамагае аптымізаваць працэс здавання аналізаў. Карыстальнік рэгіструецца ў сэрвісе, запаўняе анкету, потым сістэма выдае спіс аналізаў ды абследаванняў, якія неабходна прайсці, каб комплексна даследаваць арганізм.

«Ён дапамагае мінімізаваць час наведвання шпіталяў і дактароў. Нашыя клінічна-дыягнастычныя вырашэнні паказваюць дактарам. То-бок, гэта пэўны памочнік», – кажа заснавальнік сэрвісу Максім Кажына.

Канферэнцыя «Стартап года» праходзіць пяты раз. Яе мэта – дапамагчы цікавым праектам знайсці інвестараў ці партнёраў.

«Тут прадстаўляюцца стартапы, інавацыйныя прадукты, якія маюць патэнцыял выбухнога росту», – распавядае дырэктар канферэнцыі Аляксей Шаблоўскі.

Наш суразмоўца зазначае, што стартап-рух у Беларусі актыўна развіваецца. З’яўляюцца новыя ўдзельнікі рынку, расце супольнасць бізнес-анёлаў, прадпрымальнікаў-інвестараў, фармуюцца фонды.

«Гэта і інжынеры, класныя кампаніі. У дадатак у ПВТ можна структурызаваць кампанію па любому праву, якое табе толькі падабаецца. Гэта вельмі спрашчае пакупку кампаніі ў будучыні і прыцягненне фінансавання з іншых рэгіёнаў», – сцвярджае венчурны інвестар Максім Чабатароў.

Паводле даследавання парталу «Bel.biz», беларускія стартапы пазалетась прывабілі $ 85 млн інвестыцыяў. Агулам у Беларусі налічваецца больш за тысячу стартапаў.

Відэарэпартаж Ксеніі Тарасевіч глядзіце ў поўным выданні навінаў за 14 снежня

Глядзі таксама
Каментары