Аб'ектыў 16.08.2019 «Старое пакаленне» Магілёва супраць вяртання вуліцам гістарычных назваў


Парк імя Горкага ці Замкавы сквер? Вуліца Ленінская ці Вялікая Садовая? У Магілёве неаднойчы намагаліся вярнуць гарадскім аб’ектам старыя назвы, і такія прапановы ўхваляла тапанімічная камісія пры гарвыканкаме. Каб высветліць, чаму не выконваюцца яе рашэнні, у гарвыканкам накіравалі петыцыю з подпісамі каля ста неабыякавых грамадзянаў.

«Мы падалі прапановы, прапановы павінен разгледзець гарсавет і гарвыканкам і прымаць рашэнне, а штосьці яны могуць зрабіць толькі з дазволу цэнтральных гарадскіх і рэспубліканскіх уладаў», – каментуе сябра тапанімічнай камісіі Ігар Пушкін.

Ток бок рашэнне тапанімічнай камісіі мае толькі дарадчы характар. А канчатковую пастанову прымае гарадскі савет дэпутатаў.

«Вельмі моцнае ў Магілёве такое лобі старога пакалення: камуністаў, ветэранаў, пенсіянераў. І калі я размаўляю з чыноўнікамі, чаму не вяртаюць, яны кажуць: «Толькі ініцыятыва паступіць, і ўжо чалавек дзесяць звоняць, пішуць, што яны супраць!». Але дзесяць супраць, а сотні – за», – тлумачыць старшыня Таварыства беларускай мовы ў Магілёве Алег Дзьячкоў.

Апытаныя намі магілёўскія мінакі ахвотна разважаюць пра вяртанне гістарычных назваў родным мясцінам:

«Вялікая Садовая, Касцерня – файныя назвы гістарычныя, таму трэба абавязкова вяртаць».

«Новае пакаленне ўжо прызвычаілася, што гэта вуліца Леніна, а калі назавуць Садовай, то будуць доўга блытацца і не ведаць, дзе гэта. Але ў цэлым гэта правільна – у вуліцы павінна быць яе сапраўдная назва».

«Гэта было б нядрэнна, але гэта ж грошы, таму, калі гэта не такія будуць матэрыяльныя выдаткі, то, можа быць, побач проста напісаць гістарычныя назвы».

Уласна, такі кампраміс можна ўбачыць у цэнтры Магілёва: юрыдычна вуліцы захавалі савецкія назвы, але мінакі могуць даведацца і гістарычныя. Тут нават былой вуліцы Карла Лібкнэхта вярнулі назву Пажарны завулак. Але ёсць і недапрацоўкі, пра якія распавядае сябра тапанімічнай камісіі Ігар Пушкін:

«У нас такая была праблема з прыпынкам «Траецкая набярэжная» альбо «Спаскі завулак», калі на прыпынак павесілі назву, то Спаскі аншлаг так і не павесілі, мы пісалі неаднаразова і хадзілі туды, і прасілі, але гэта ўжо чалавечы фактар».

Ці яшчэ адзін прыклад, калі прапанова прайшла ўсе ўзгадненні, але людзі пра гэта не ведаюць.

«Потым была прапанова, каб на вуліцы Віленскай, у нас рака Дубравенка, мост быў з назвай «Мост Віленскі». Гэтую прапанову нашыя ўлады падтрымалі – мост называецца Віленскі, адпаведны дакумент ёсць», – кажа Алег Дзьячкоў.

Дакумент, рашэнне – ёсць, а аншлагу – таблічкі з гістарычнай назвай – на аб’екце няма! Аўтары петыцыі просяць публічна агучыць, якія рашэнні гарвыканкам прыняў паводле прапановаў тапанімічнай камісіі. І патлумачыць – чаму ўхваленыя рашэнні не былі здзейсненыя.

Вольга Васільева, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары