Сталічныя ўлады прапануюць: сартуй адкіды сам і плаці менш


А тым, хто не сартуе, – павысіць тарыфы. Што думаюць аб прапанове гарадскіх уладаў самыя менчукі?

Выносіць смецце, здаецца, простая штодзённая справа. Аднак і да яе ёсць розныя падыходы. Можна скідаць усе адкіды ў адзін пакет, а можна сартаваць. Папера да паперы, шкло да шкла, а пластык да пластыку. Дарэчы, сталічныя ўлады прапаноўваюць стымуляваць такі падыход фінансава.

Калі смецце вы збіраеце не асобна – тарыфы будуць павышаныя. З гэткаю прапановай выступіў Менскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродку.

Анатоль Шагун, начальнік упраўлення Дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў»:

«Калі мы выкідваем усё смецце разам, яно трапляе разам з арганічнымі адкідамі ад ежы і яшчэ ад чаго-небудзь, у смеццявозе яно прасуецца, і ў выніку з такога смецця можна сабраць 10, максімум 15 адсоткаў карыснай другаснай сыравіны».

Паводле статыстыкі, на цяперашні момант у Беларусі перапрацоўваецца каля 30 % адкідаў. У той жа час у краіне дзее ініцыятыва «мэта 99», накіраваная на максімальнае павелічэнне гэтага паказніку: у Швецыі, напрыклад, перапрацоўваюць 99 % усіх адкідаў.

Наталля Блышчык, Цэнтр экалагічных рашэнняў:

«Палігоны вакол гарадоў перашкаджаюць усім, не толькі органам дзяржаўнага кіравання, але і нам, звычайным людзям, займаюць нашую тэрыторыю, забруджваюць нашыя падземныя воды, якія мы пасля п’ём».

Анатоль Шагун, начальнік упраўлення Дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў»:

«Сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што за апошнія гады значна павялічылася колькасць людзей, якія асобна збіраюць смецце, падтрымліваюць гэтую ідэю. І значна скарацілася, прыблізна каля 15 адсоткаў, насельніцтва, якія кажуць, што яны прынцыпова не сартуюць смецце ніяк».

А ці гатовыя сартаваць смецце жыхары сталіцы?

«Берагчы экалогію трэба, таму трэба асобна збіраць. Плюс гэта эканоміка».

«У маім доме ёсць смеццеправод, і мяне гэта задавольвае».

«Сартую, вядома, гэта трэба. А то ўсё разам кідаюць у гэтую кучу. А так добра – пластмаса туды, шкло – туды, папера – туды».

«Я сартую і хачу, каб усе сартавалі. А то я гляджу – не ўсе сартуюць».

Паводле адмыслоўцы Цэнтру экалагічных рашэнняў Наталлі Блышчык, галоўная праблема ў сартаванні адкідаў – інфармацыйная. Людзі проста не разумеюць, якое смецце куды выкідаць. Адпаведна, часта адкіды ў розных кантэйнерах змяшаныя. Да таго ж некаторыя жыхары задаюцца пытаннем – нашто сартаваць, калі ўсё смецце забірае адна машына?

Наталля Блышчык, цэнтр экалагічных рашэнняў:

«Перавозчыкі, якія вывозяць смецце і мусілі вывозіць яго адразу на перапрацоўку, убачылі, што ў гэтых кантэйнерах усё змяшана. І, адпаведна, ганяць тры машыны не выгадна лагістычна. Таму пачалі адпраўляць адну машыну, якая забірае другасную сыравіну ў змяшаным выглядзе, і другую, якая забірае чорныя адкіды і вязе іх на палігон або на дасартоўку».

Сёлета ў Менску мусяць запрацаваць тры новыя прадпрыемствы для перапрацоўвання адкідаў. Але да мэты перапрацоўвання 99 адсоткаў усяго смецця шлях яшчэ даўгі.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu