Сталічны раён «Новая Баравая» трэці дзень жыве без вады

Праз незразумелыя прычыны 15 тысячаў чалавек засталіся без вады і ацяплення.

У жыхаркі новага сталічнага мікрараёну Веры апошні раз вада лілася з крана яшчэ ў нядзелю.

«Уключылі ў 4 на пару гадзін, мы паспелі, мы былі ўдома і паспелі памыць, штосьці мінімальна зрабіць. А ў панядзелак ужо ўсё, без нейкіх спадзеваў», – кажа Вера, мясцовая жыхарка.

Ваду дзяўчына бярэ з пяцілітровых бутэлек. Памыцца і папраць рэчы запрашаюць знаёмыя і сябры з суседніх раёнаў.

«У суседзяў пазітыўна, то бок мы не здадзімся. Кажуць, што быццам бы ўмова – зняць сцягі, але ніхто знімаць не збіраецца», – кажа Вера.

Новая Баравая за некалькі месяцаў займела рэпутацыю пратэставага мікрараёну. Сцягі, стужкі, канцэрты. Акрамя таго, паводле пратаколаў двух мясцовых выбарчых участкаў афіцыйна перамагла Святлана Ціханоўская.

Цяпер у раёне стаіць некалькі цыстэрнаў з вадой, увесь час да іх ідуць людзі.

«Муж хадзіў, а тут вось мне прыйшлося, бо ён паехаў па справах, дзеці ў садочку. Таму разы тры хаджу, паесці трохі прыгатаваць», – кажа мясцовая жыхарка Кацярына.

Адмыслоўцы кампаніі «А100 Камфорт» расказалі, што ў калодзежы каля ўезду ў Новую Баравую ў трубах няма вентыля. Гэта азначае, што ваду перакрылі адмыслова.

«Вентылі, якія закручваюцца і адкручваюцца, яны проста так не злятаюць. Іх рукамі адкручваюць і закручваюць, яны для гэтага і зробленыя. Яго не можа сарваць ціскам. Калі гэта ціск, то ў гэтым памяшканні ўжо б была вада», – кажа мясцовы жыхар Вадзім.

Новая Баравая 3-ія содні без вады. Фота: АД / «Белсат»

У менскім «Водаканале» паведамілі, што бяруць пробы вады. І як толькі атрымаюць станоўчыя вынікі лабараторнай праверкі, вернецца і водазабеспячэнне. Тым часам у Telegram менчукі стварылі некалькі суполак для дапамогі жыхарам раёну. У самай вялікай ужо больш за 17 тысячаў чалавек і сотні прапановаў прытуліць жыхароў раёну. Менчукі таксама прывозяць у раён бутэлькі з вадой.

«Як і ўлетку, усе менчукі арганізаваліся, самаарганізаваліся і дапамагалі адзін адному, так і цяпер трэба рабіць тое самае. Паколькі ў такую сітуацыю можа патрапіць любы жыхар, любы раён, і мы павінны паказаць, што мы згуртаваныя і гатовыя дапамагаць адзін адному», – кажа валанцёр Сяргей.

Набліжаны да Лукашэнкі Telegram-канал «Пул першага» паведаміў: кіраўнік краіны даручыў былому намесніку міністра ўнутраных справаў Аляксандру Барсукову і Наталлі Качанавай пракантраляваць сітуацыю з вадою ў раёне. А беларускія праваабаронцы бачаць у падзеях палітычны кантэкст і лічаць недапушчальным наўмыснае пазбаўленне людзей доступу да вады.

«Беларускі Хельсінкскі камітэт звярнуўся да спецдакладчыка ААН па пітной вадзе якраз у кантэксце таго, што права на чыстую ваду сёння разглядаецца як частка ААНаўскага стандарту, а значыць і стандарту, які прыняты нашай краінай», – кажа праваабаронца Алег Гулак.

Адна з рэзалюцыяў Генеральнай асамблеі ААН абавязвае дзяржаву прыкладаць усе намаганні ў забеспячэнні свабоднага доступу да вады і санітарыі для ўсіх без выключэння.

Наста Кахановіч, belsat.eu

Глядзі таксама