Сталічны Першамай. Як святкавалі ўлады і як пратэставала апазіцыя


Арганізаванымі калонамі, з транспарантамі і чырвонымі гваздзікамі

Менавіта так удзельнікі афіцыйнага Свята Працы прыйшлі да манументу «Менск – горад-герой». Прыблізна 1000-2000 чалавек. Потым прадстаўнікі працоўных калектываў і прафсаюзаў пайшлі ў Парк Перамогі ля Камсамольскага возера, паслухаць канцэрт, зʼесці шашлык і паапладзіраваць прамовам чыноўнікаў пра мір і стабільнасць. Большасць прыйшла, бо на працы загадалі.

«Мы нарадзіліся ў Савецкім Саюзе, і гэта нават крыху настальгія», – зазначыў адзін з удзельнікаў святкавання.

Не важна які флаг, калі жыццё дрэннае

А вось на Кастрычніцкай плошчы былі людзі і з дзяржаўным чырвона-зялёным сцягам, і з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі. З рознымі палітычнымі поглядамі, але ўсе хочуць жыць іначай.

«Чаго хочуць людзі? Стабільнай працы, добрага заробку, нармальных умоваў жыцця. Улада не можа гэтага прадставіць людзям», – падкрэсліў пратэстовец.

Людзей сабралася менш, чым на папярэдніх акцыях пратэсту ў сакавіку – каля паўтысячы. Спрацавалі і ранейшыя рэпрэсіі, і сённяшнія аўтазакі на падыходзе да Плошчы. У дадатак некалькі дзён таму арыштавалі экс-кандыдата на прэзідэнцтва Мікалая Статкевіча, які і заклікаў сабрацца на Кастрычніцкай плошчы.

«Пасля таго хапуна, які адбыўся 25-га сакавіка, гэта не мала. Пасля тых хапуноў, якія зараз ідуць на подступах, якія ідуць па рэгіёнах, гэта насамрэч не мала. Гэта тыя людзі, якія не баяцца. Якія выйшлі сказаць, што мы ёсць, мы не баімся, мы патрабуем адстаўкі Лукашэнкі, мы патрабуем змены рэжыму і вызвалення палітвязняў», – упэўнены палітык Павал Севярынец.

Блытаніны дадаў і адменены мітынг на плошчы Бангалор

Пратэст менскія ўлады дазволілі замест вялікага маршу салідарнасці з Акадэміі Навук. Тым не менш, марш адбыўся: з Кастрычніцкай плошчы на плошчу Незалежнасці. Увесь час побач з калонай пратэстоўцаў ехалі міліцэйскія аўтазакі.

Каля Чырвонага касцёла арганізатары прынялі рэзалюцыю да ўладаў

Сярод патрабаванняў: адмяніць падатак на адсутнасць працы і дарожны збор, адмяніць выплаты ад працоўных-пенсіянераў і падвышэнне пенсійнага ўзросту, падвысіць дапамогу для беспрацоўных і спыніць, нарэшце, рэпрэсіі супраць грамадства.

«Нельга, каб былі там – ворагі, а тут – добрыя. Нельга так жыць», – абуралася спадарыня Ніна, удзельніца пратэсту.

Міліцыя ж пераследуе таго, каго загадаюць

Калі ўдзельнікі пратэсту разышліся, пад сваім домам быў затрыманы Максім Вінярскі з «Еўрапейскай Беларусі». Таксама да суда затрыманы кіраўнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»