Сталічнае Дынама зазнала паразу ад Лакаматыву


Хакей

Сталічнае хакейнае «Дынама» пасля нечаканай перамогі над лідарам рэгулярнага сезону КХЛ, піцерскім СКА, у чарговым матчы сваёй выязной серыі зазнае паразу ў Яраслаўлі ад мясцовага «Лакаматыву» 2:3.

Не заціхае хакейнае жыццё і за акіянам у НХЛ, дзе каманды таксама вядуць упартую барацьбу, каб трапіць у стадыю плэй-оф. Лідар Заходняй канферэнцыі, «Лос-Анджэлес», на хатнім лёдзе перамог «Каларада» 2:1, вырашальную шайбу толькі ў оўвэртайме закінуў Дастын Браўн.

Гандбол

Дзеянні на пляцоўцы галкіпера берасцейскага гандбольнага клубу імя Мяшкова Івана Пешыча былі не толькі заўважаныя арганізатарамі СЭГА-лігі. Ягоны сэйв у матчы супраць «Загрэбу» прызналі адным з найлепшых выратаванняў апошняга месяца года.

Допінгавы скандал

Міжнародны алімпійскі камітэт чарговы раз адхіляе ад удзелу ў спаборніцтвах расейскіх спартоўцаў. Гэтым разам МАК пажыццёва пазбавіў права ўдзельнічаць у Алімпіядах 11 расяянаў, а сама краіна страціла яшчэ два медалі з Гульняў у Сочы. Срэбныя ўзнагароды павінны будуць вярнуць саначнікі Альберт Дземчанка і Таццяна Іванова. Таксама МАК паведаміў, што на цяперашні момант разгледзеў 46 справаў, па выніках якіх 43 расейскія спартоўцы былі дыскваліфікаваныя, трое – апраўданыя. Праверка допінг-пробаў працягваецца, таму ў гэтай справе кропку ставіць яшчэ рана.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: hcdinamo.by