Стала вядома, колькі грошай трэба першай беларускамоўнай ВНУ, каб адкрыцца


Br 3000 – такі памер стартавага капіталу, неабходнага для пачатку працы ў новым навучальным годзе прыватнаму Універсітэту імя Ніла Гілевіча «Альбарутэнія».

Універсітэт імя Ніла Гілевіча «Альбарутэнія» – прыватная ўстанова адукацыі, дзяржава ім не апякуецца, а таму неабходныя грошы трэба збіраць талакой. Пачатак новага навучальнага года – гэта курсы ў дакладных і гуманітарных навуках для дзяцей і дарослых. Летась іх прайшлі каля сотні чалавек, але сёлета ўмоўнае «1-га верасня» ва ўніверсітэце можа прыпазніцца.

«Каб пачаць ізноў курсы нам патрэбная сума прыкладна тры тысячы рублёў – гэта арэнда і аплата выкладчыкам. Як толькі гэтыя грошы на рахунку мы будзем мець, то адразу пачнём набор і навучанне. Ізноў праз беларуску мову будзем вывучаць нямецкую, ангельскую, польскую мовы, гісторыю Беларусі і іншыя дысцыпліны таксама», – кажа выканаўца абавязкаў рэктара Алег Трусаў.

Прыватная беларускамоўная вышэйшая навучальная ўстанова «Універсітэт імя Ніла Гілевіча» «Альбарутэнія» была заснаваная Таварыствам беларускай мовы і атрымала дзяржаўную рэгістрацыю летась у сакавіку.

Глядзіце рэпартаж Галіны Абакунчык у поўным выданні навінаў за 29 жніўня

Гэтай падзеі папярэднічалі два дзясяткі гадоў падрыхтоўкі ды змагання: за беларускую нацыянальную вышэйшую навучальную ўстанову сабралі 55 тысячаў подпісаў. Дзяржава іх праігнаравала, але адукацыі па-беларуску грамадства не перастала патрабаваць. Гэтак кажуць і наведнікі «Гістарычнай школы» пры ТБМ:

«Вельмі б хацелася навучацца на беларускай мове, вельмі б хацелася вывучаць гісторыю Беларусі, беларускую мову – гэтага вельмі не хапае ў нашым жыцці».

«Ня добра, што мы беларусы ня ведаем сваёй мовы – гэта сорам. Нават думаць ня можам па-беларуску – адразу пераходзім на расейскую мову. Трэба падымаць беларускую мову, культуру, навуку – усё беларускае».

«Я хацела б навучацца на беларускай мове, бо мне падаецца, што калі ведаць яе добра, то гэта дапаможа ў жыцці», – дадае адна са студэнтак.

Навучанне ў «Альбарутэніі» сканцэнтраванае на гуманітарных навуках, дзе студэнты абавязкова будуць вывучаць дзве замежныя мовы, але таксама і асновы прадпрымальніцтва ды IT-тэхналогіі.

Выкладчыцка-прафесарскі склад ужо сфармаваны, распрацаваныя акадэмічныя навучальна-метадычныя праграмы, бібліятэка налічвае тысячы падручнікаў і кніг. Застаецца атрымаць ад дзяржавы ліцэнзію на права выкладання.

Такую заяву заснавальнікі накіравалі ў адпаведныя дзяржаўныя структуры напрыканцы ліпеня.

«Мы зрабілі першы крок з трох неабходных для таго, каб атрымаць ліцэнзію на выкладанне ва ўніверсітэце імя Ніла Гілевіча. Сітуацыя ўскладняецца тым, што гэта было лета і многія былі ў адпачынках. Таму ў верасні мы павінны атрымаць першы адказ на тое ці атрымаем мы ліцэнзію, або – што я лічу больш верагодным – што нам далей зрабіць, каб атрымаць ліцэнзію«, паведаміла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў і старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім.

Заснавальнікі «Альбарутэніі» спадзяюцца, што ўжо ў верасні наступнага года «Універсітэт імя Ніла Гілевіча» распачне паўнавартасную працу: навучанне першых студэнтаў.

Галіна Абакунчык, «Белсат»