Стала вядома, хто атрымае другое месца на выбарах у Расеі


У суботу ў Расеі была выбарчая ціша: калі любая агітацыя ды палітычная рэклама пад забаронай. Фармальна сёння расейцы абдумвалі свой выбар і вырашалі, за каго яны аддадуць голас. Выбар багаты – ажно 8 кандыдатаў. Але ілюзорны. Мала хто сумняецца, што заўтрашні дзень будзе трыумфам дзейнага прэзідэнта.

Фермер Міхаіл Чакмароў з Углічу збіраецца аддаць свой голас за камуніста Паўла Грудзініна, які абяцае правесці эканамічныя рэформы.

«Чаму? Таму што больш там, шчыра, нічога няма. Я маю на ўвазе, з адэкватных прэтэндэнтаў. Калі не лічыць цяперашняга. Але цяперашні ўжо 18 гадоў, а апошнія 4 гады наагул дастаткова цяжкія, – кажа Чакмароў – Усё кашмарна, цэны страшныя. 500 рублёў кавалак мяса – ну куды гэта гадзіцца?».

Такіх, як Міхаіл, у горадзе не бракуе. Шалёная інфляцыя змушае мясцовых жыхароў эканоміць на самым неабходным.

Гэтыя галасы немагчыма пачуць на федэральных тэлеканалах. Расейская прапаганда не шкадуе сродкаў на тое, каб збудаваць вобраз моцнага і – галоўнае – незаменнага прэзідэнта.

«Атрымліваецца, што нашае тэлебачанне будуе такую карцінку: ёсць адзін галоўны кандыдат сапраўдны, ёсць такая група кандыдатаў, якія ўмоўна скандалісты – гэта Грудзін, Жырыноўскі і Сабачак. І ёсць яшчэ група незразумелых кандыдатаў, якія кажуць, але незразумела, што кажуць. Такія не рыба, ні мяса», – кажа назіральнік Станіслаў Андрэйчук з грамадскага руху «Голас».

Ёсць яшчэ Аляксей Навальны, якога Цэнтрвыбаркам не дапусціў да ўдзелу да выбараў. Стваральнік Фонду барацьбы з карупцыяй заклікае суграмадзянаў не хадзіць на выбарчыя ўчасткі:

«19-га чысла вы мусіце з гонарам і ўсмешкай глядзець на ўсе гэтыя ток-шоу у якіх будуць распавядаць, што апазіцыя атрымлівае тры адсоткі і казаць: я не быў часткаю гэтага ўсяго».

Пераможца ўжо вядомы. Яго абвесціў Усерасейскі цэнтр вывучэння грамадскай думкі за некалькі дзён да галасавання.

«Вынік пераможцы: Уладзімір Пуцін – ад 69 да 73 %. Павел Грудзінін – другое месца – ад 10 да 14 %».

На трэцім месцы – скандаліст Уладзімір Жырыноўскі. Па-за тройкаю лідараў – апазіцыйныя кандыдаты Ксенія Сабчак і Грыгорый Яўлінскі. Афіцыйна балатуюцца васьмёра кандыдатаў.

Адзіная інтрыга – ці будзе высокай яўка. Актыўны ўдзел расейцаў мае пацвердзіць высокае падтрыманне дзейнага прэзідэнта ды ягонай палітыкі.

Вольга Жарнасек; фота – Аляксандр Румін/ТАСС