Спыніць гвалт у Беларусі


Еўропа занепакоена, ЗША будуць далей уважліва сачыць за сітуацыяй у Беларусі. Хтосьці з заходніх палітыкаў намякае на вяртанне да санкцый у дачыненні да Беларусі, хтосьці раіць пачакаць з ацэнкамі. Ці дорага будзе каштаваць беларускаму рэжыму жорсткі разгон мірнай дэманстрацыі.

Заходняя дыпламатыя, што апошнім часам ішла на збліжэнне з Беларуссю і была стрыманая ў сваіх ацэнках уладаў Беларусі, дэманструе, што заплюшчваць вачэй на рэпрэсіўны махавік не будзе.

Служба замежнай палітычнай дзейнасці Еўразвязу заяўляе, што ўважліва сочыць за рэакцыяй уладаў Беларусі на нядаўнія дэманстрацыі.

«Апошнія дні мы бачылі штогадзінныя паведамленні аб прэвентыўных арыштах і затрыманнях паводле розных абвінавачанняў. Журналісты зазналі пераслед за асвятленне акцыяў. Такое здушэнне свабоды слова і сходаў супярэчыць заяўленай Беларуссю палітыцы дэмакратызацыі, а таксама міжнародным абавязкам краіны».

МЗС Польшчы, які апошнія месяцы актыўна шукаў формы дыялогу з Беларуссю, таксама выказаў занепакой.

«Падставы, на якіх Еўразвяз хоча будаваць трывалыя дачыненні з Беларуссю, – гэта пашана да правоў чалавека і фундаментальных свабодаў, у тым ліку свабоды слова, права на асацыяцыі ды сходы, а таксама захаванне правоў усіх грамадскіх рухаў згодна з міжнароднымі стандартамі ды абавязкамі».

З такою заяваю выступіў і МЗС Літвы.

Дэпутат літоўскага Сейму Жыгімантас Павілёніс з партыі Звяз Бацькаўшчыны – Літоўскія хрысціянскія дэмакраты ў размове з «Белсатам» выказаў упэўненасць, што з апазіцыяй размаўляюць без ужывання дручкоў і гвалту.

«Наш міністр рабіў усё, каб санкцыі з Беларусі былі знятыя, але цяпер пасля такіх маштабных рэпрэсіяў, я думаю, Захад будзе рэагаваць. Як будзе рэагаваць? Будзем абмяркоўваць з усімі краінамі».

Пра магчымасць вяртання да палітыкі пугі ў дачыненні Беларусі ў сваім Twitter напісаў і кіраўнік Еўрапейскай народнай партыі Жазэф Доль.

«Калі рэпрэсіі супраць народу Беларусі працягнуцца – ЕНП зробіць магчымым увядзенне новых захадаў супраць Лукашэнкі ды ягонага рэжыму».

Амбасада ЗША ў Менску заклікае ўлады Беларусі неадкладна вызваліць затрыманых і спыніць палітычныя рэпрэсіі.

А старшыня Камітэту Сенату ЗША па ўзброеных сілах Джон МакКейн таксама заклікаў вызваліць затрыманых і зазначыў, што самаахвярнасць беларусаў яго натхняе:

«Цягам апошніх тыдняў тысячы беларусаў, не зважаючы на рэпрэсіі ды гвалт, выходзілі на дэманстрацыі дзеля абароны сваёй чалавечай годнасці з патрабаваннем справаздачнасці. […] Урад Беларусі мусіць адказаць на справядлівыя патрабаванні народу».

Салідарнасць з беларускім народам выказваюць не толькі заходнія палітыкі, але і звычайныя людзі. Украінская моладзь зарганізавала пікет каля помніку Тарасу Шаўчэнку ў Харкаве, падтрыманне выказалі і валанцёры дабрачыннага фонду «Усход-SOS» у Севераданецку Луганскай вобласці. А ў Львове словаў не казалі, іх пісалі – невядомы на дзвярах беларускага консульства ўначы пакінуў надпіс: «Лукашэнка = Януковіч».

Наста Ільіна, belsat.eu